BE RU EN

«Газпром» атрымае поўны кантроль над «Белтрансгазам»

Расейская кампанія «Газпром» разлічвае сёння замяніць кіраўніка назіральнага савета «Белтрансгаза».

«Газпром» разлічвае на абранне намесніка старшыні праўлення гэтай карпарацыі Валерыя Голубева кіраўніком назіральнага савета «Белтрансгаза». Зараз гэтую пасадузаймае першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Сёння «Газпром», які расплаціўся з Менскам за 50% акцыяў «Белтрансгаза», атрымае яшчэ адно дадатковае месца ў назіральным савеце (савеце дырэктараў) кампаніі. Цяпер у ім, а таксама ў дырэкцыі (праўленні) «Белтрансгаза» будзе па чатыры расейскіх і беларускіх прадстаўніка, піша газета «Коммерсант».

Але парытэт яшчэ не гарантуе «Газпрому» дадатковых правоў у кіраванні. Яны будуць вызначаныя пагадненнем акцыянераў кампаніі і стануць прадметам асобных перамоваў, адным з ключавых элементаў якіх можа стаць кошт на газ для Беларусі.

Сёння ў Менску адбудзецца агульны гадавы сход акцыянераў ААТ «Белтрансгаз», якім на парытэтных пачатках валодаюць «Газпром» і урад Беларусі. Па словах гендырэктара беларускай кампаніі Уладзіміра Маёрава, з васьмі чальцоў назіральнага савета (аналаг савета дырэктараў) чацвёра будуць прадстаўнікамі «Газпрома» (зараз трое), чацвёра - прадстаўнікамі Беларусі.

18 траўня 2007 года «Газпром» і Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі падпісалі дамову куплі-продажу расейскай манаполіі 50% акцыяў «Белтрансгаза» за $ 2,5 млрд. Апошні транш «Газпром» пералічыў у канцы лютага.

У расейскай манаполіі неафіцыйна распавялі, што акрамя намесніка старшыні праўлення «Газпрама» Валерыя Голубева, кіраўніка юрыдычнай дэпартамента Мікалая Дубіка і начальніка упраўлення карпаратыўнага кантролю дэпартамента па кіраванні маёмасцю і карпаратыўных стасунках Мікалая Васільева ў савет будзе прапанаваны начальнік аддзела ўпраўлення па працы з краінамі блізкага замежжа «Газпрома» Аляксандр Фралоў. «Газпром» таксама разлічвае на абранне Голубева кіраўніком савета. Зараз гэтае месца займае першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. Па тым жа прынцыпе будзе сфарміраваная і дырэкцыя (аналаг праўлення) «Белтрансгаза» - па чатыры чалавекі ад беларускага і расейскага бакоў.

Аднак падрабязна парадак кіравання «Белтрансгазам» павінна вызначыць пагадненне акцыянераў, якое, паводле звестак знаёмай з сітуацыяй крыніцы «Коммерсанта», сёння падпісанае не будзе. Пакуль кампанія кіруецца ў прававых межах міжурадавых пагадненняў Расеі і Беларусі па газе. Уладзімір Маёраў упэўнены, што ключавыя рашэнні пасля рэфармавання органаў кіраўніцтва «Белтрансгаза» будуць прымацца, як і раней, адзінагалосна. У «Газпроме» называюць пытанне карпаратыўнага кіравання «прадметам няпростых перамоваў, якія маюць адбыцца».

Адным з ключавых элементаў перамоваў стане кошт газу для Беларусі. Зараз ён складае, паводле дадзеных «Газпрома», $ 168 за тысячу кубаметраў, паводле дадзеных Белстата - $ 171. Беларусь даўно патрабуе прывесці кошт да ўзроўню 2009 года - $ 155 (0,7-0,75% да сярэднееўрапейскага за вылікам мытнай пошліны). Больш за тое, Менск аплачвае расейскі газ з пачатку 2010 года па ранейшай цане, што дало падставу чальцу праўлення «Газпрома» Андрэю Круглову ў нядзелю заявіць пра запазычанасць Беларусі ў памеры $ 94 млн. Паволе інфармацыі газеты «Коммерсант», Беларусь вылучае ўмову захавання коштаў як галоўную для абрання кіраўніком назіральнага савета «Белтрансгаза» Валерыя Голубева.

У «Газпроме» кажуць, што зніжаць кошты не маюць намеру, бо для Украіны на той жа перыяд ўстаноўлены кошт $ 305 за тысячу кубаметраў. Але крыніцы Reuters і «Інтэрфакс» у беларускім урадзе днямі сцвярджалі, што кошт можа быць зніжаны ў абмен на адмову ад адлічэнняў «Белтрансгаза» у інавацыйны фонд Мінэнерга Беларусі. Яны павялічваюць сабекошт паслугаў кампаніі, зніжаючы яе прыбытковасць. На запатрабаванне «Газпрома» гэтыя адлічэнні ўжо былі зніжаныя з 18 да 9% ад абаротных сродкаў. Андрэй Круглоў патлумачыў: «Мы імкнемся атрымаць кантроль у «Белтрансгазе», таму «Газпром» будзе ўважліва разглядаць кожную прапанову ў межах карпаратыўных нормаў даходнасці на інвестыцыі». Паводле яго словаў, у «Газпроме» нормы прыбытковасці на інвестыцыі складаюць не менш за 12% (прыбытковасць «Белтрансгаза» у 2008 годзе - 9%).

Апошнія навіны