BE RU EN

Андрэй Бастунец: «Мінюст пакідае фрылансераў па-за законам…»

Чарговае папярэджанне, вынесенае Беларускай асацыяцыі журналістаў, ускладніць працу свабодных медыяў у Беларусі.

Падзяліцца ўражаннямі ад судовых слуханняў прэс-служба ГА «БАЖ» папрасіла намесніка старшыні арганізацыі Андрэя Бастунца, які разам з Жаннай Літвіной прадстаўляў асацыяцыю журналістаў у Вярхоўным судзе.

- У чым небяспека гэтага папярэджання для арганізацыі?

- Вынясенне другога папярэджання цягам аднаго года можа прывесці да закрыцця арганізацыі праз суд. Невыкананне патрабаванняў, якія выкладзеныя ў папярэднім папярэджанні, могуць прывесці да прыпынення дзейнасці арганізацыі на шэсць месяцаў…

- Папярэджанне тычылася трох асноўных пунктаў: сяброўскага пасведчання, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і сайта. Як абгрунтоўвала Міністэрства юстыцыі сваю пазіцыю ў судзе?

- Прадстаўнік Мінюсту так і не змог назваць ніводнага нарматыўнага акту, што вызначае форму пасведчання сябра грамадскага аб’яднання, які б забараняў выкарыстанне на ім слова «Прэса». А калі няма закона, які можна парушыць, дык нельга казаць і пра парушэнне. БАЖ выдаваў сваім сябрам пасведчанні, каб яны маглі рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы. Дапамогу ў рэалізацыі канстытуцыйных правоў Мінюст расцэньвае як парушэнне заканадаўства, і гэта, на мой погляд, нонсэнс.

Што тычыцца Цэнтра прававой абароны СМІ, дык у судзе прадстаўнік Мінюсту казаў пра нейкую дзейнасць цэнтра, якая нібыта не адпавядае статутным мэтам. Але ж юрыдычная падтрымка сваіх сябраў і ёсць галоўнай мэтай нашага грамадскага аб’яднання! Праўленне ГА «БАЖ» мае права вызначаць парадак такой падтрымкі, і яно гэта зрабіла, стварыўшы грамадскую юрыдычную службу. І мы запэўніваем, што БАЖ будзе працягваць аказваць сваім сябрам прававою абарону незалежна ад таго, будзе існаваць Цэнтр ці не…

Прэтэнзіі да сайта БАЖ, якія тычыліся «вольнага» пераказу статутных мэтаў БАЖ у раздзеле «Пра БАЖ», увогуле не вытрымліваюць ніякай крытыкі. І закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», і нават сумна вядомы прэзідэнцкі ўказ № 60 кажуць, што ўласнікі недзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў самі вызначаюць, у якой форме падаваць інфармацыю на сваіх сайтах.

Заўважу, што ў нас на сайце цалкам размешчаны Статут БАЖ. Той, хто жадае прачытаць статутныя мэты і задачы дзейнасці арганізацыі, можа гэта зрабіць. А прэтэнзіі Мінюста выклікала фактычна «візітоўка» арганізацыі, дзе статутныя мэты, задачы і метады дзейнасці былі сфармуляваныя ў трох радках.

Увогуле, замест таго, каб аказваць падтрымку развіццю недзяржаўнага грамадскага сектару, Мінюст чытае сайты арганізацый ды глядзіць, наколькі тая ці іншая фармулёўка адпавядае ці не адпавядае Статуту… Калі гэта не бюракратызм, дык што?»

На думку юрыста, гэты судовы працэс узняў значна шырэйшае кола пытанняў, чым проста вынесенае на адрас грамадскай арганізацыі папярэджанне.

- У свой час мы атрымалі папярэджанне за тое, што на дзвярах быў надпіс «Беларуская асацыяцыя журналістаў» без літараў «ГА». Але тады мы выправілі гэты «сур’ёзны недахоп» і шырока пра яго не паведамлялі. Але апошняе папярэджанне — гэта ўжо сур’ёзнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў свабоду аб’яднанняў, з пункту гледжання міжнародных стандартаў. І гэтым разам БАЖ вырашыў яго абскарджваць, бо гаворка тут ішла ўжо не проста пра дзейнасць арганізацыі. Папярэджанні наўпрост закраналі інтарэсы нашых сябраў і тычыліся базавых мэтаў і задачаў, якія БАЖ перад сабой ставіць», - адзначыў Бастунец.

Зварот у Вярхоўны суд і слуханні па скарзе, па назіраннях юрыста, выкрылі сумны факт існавання БАЖ і Міністэрства юстыцыі ў «пралельных» прававых прасторах.

- У «нашай» прававой прасторы існуе Канстытуцыя, якая гарантуе свабоду слова, свабоду асацыяцыяў, аб’яднанняў грамадзянаў, забараняе перашкоды ў аказанні прававой дапамогі, забараняе прыцягненне да адказнасці без спасылкі на закон… А Міністэрства юстыцыі глядзіць на усё гэта з іншага пункту гледжання і расцэньвае статут грамадскага аб’яднання як армейскі, дзе любы крок у бок — гаўптвахта. Гэта папярэджанне — і ёсць такая «гаўптвахта»...

На судзе выкрыліся і сур’ёзныя разыходжанні ў разуменні паняцця «журналіст» прадстаўнікамі Мінюсту і БАЖ.

- Паняцця «журналіст» у законе «Аб СМІ» няма. Там ёсць тэрмін «журналіст сродка масавай інфармацыі». Але ж зразумела, гэтае паняцце даўно ўжо не ахоплівае ўсёй журналісцкай супольнасці, асабліва з улікам хуткасці развіцця Інтэрнету.

Але што казаць пра Інтэрнет, калі прадстаўнік Міністэрства юстыцыі ў судзе апераваў вызначэннем тэрміну «журналіст», узятым са старога энцыклапедычнага слоўніка савецкіх часоў, і казаў, што журналістам можа быць толькі той, хто атрымаў адпаведную адукацыю і працуе ў рэдакцыі СМІ? Таму і ўзнікае ўражанне, што, хоць мы і знаходзімся фізічна ў адным месцы, але ж жывем у розныя часы…

- Атрымліваецца, што Мінюст бачыць журналістаў толькі ў тых, хто працуе ў рэдакцыі і мае пасведчанне гэтай рэдакцыі? То бок фрылансеры — па-за законам?

- Так, Мінюст стоадсоткава пакідае фрылансераў па-за законам. Ён бачыць журналістаў толькі ў тых, хто мае пасведчанне журналіста сродка масавай інфармацыі — ці то як штатны, ці то як пазаштатны карэспандэнт. Хаця закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» наўпрост тычыцца якраз працы фрылансераў, якія рыхтуюць матэрыялы на сваю рызыку і прапаноўваюць іх розным выданням ці тэлерадыёкампаніям…

Апошнія навіны