BE RU EN

Мілінкевіч супраць ізаляцыі лукашэнкаўскага рэжыму

  • 17.02.2010, 8:41

Вяртанне да ізаляцыі «было б трагедыяй для Беларусі», заявіў лідэр руху «За свабоду».

Пра гэта Аляксандр Мілінкевіч заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўрапейскага Парламента Ежы Бузекам.

Польскае агенцтва РАР паведамляе, што Мілінкевіч сказаў, што не павінна быць кампрамісаў з рэжымам, але адначасова адзначыў: «Для маёй краіны было б трагедыяй вяртанне да ізаляцыі. Я праціўнік ізаляцыі».

«Я не вельмі люблю слова «санкцыі». Я кажу не пра іх, а пра спыненне дапамогі. Тобок Еўразвяз, напрыклад, кажа беларускім уладам: «Калі вы ідзеце шляхам еўрапейскіх стандартаў, мы падтрымліваем вашую эканоміку». Фінансавая дапамога павінна залежаць ад канкрэтных крокаў па лібералізацыі. Ёсць крокі — ёсць дапамога», - прыводзіць словы Мілінкевіча «Еўрарадыё».

Ежы Бузек выказаўся за тое, каб эканамічная дапамога Менску ставілася ў залежнасць ад працэсу дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Гаворка вялася пра крэдыты МВФ, Еўракамісіі і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, паведамляе «Радыё Свабода».

«Беларускія ўлады павінны зразумець, як шмат яны могуць страціць, калі не будуць захоўваць правы чалавека», - заявіў прэзідэнт Еўрапарламента.

Па словах Бузека, рэпрэсіі супраць Саюза палякаў на чале з Анжалікай Борыс, гэта адначасова рэпрэсіі супраць усяго дэмакратычнага грамадства Беларусі.

Мілінкевіч у сваю чаргу заклікаў таксама да сумеснай палітыкі ўсіх краінаў Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі.

Як паведамляў сайт charter97.org, на працягу апошняга тыдня беларускія ўлады канфіскавалі ў Саюза палякаў Польскі дом у Івянцы, кінулі ў турмы лідэраў СПБ Анджэя Пачобута, Ігара Банцара, Мячыслава Яскевіча, арыштавалі дзесяткі актывістаў арганізацыі, задушылі мірную акцыю моладзі ў Дзень святога Валянціна, а 16 лютага жорстка разагналі акцыю салідарнасці з беларускімі палякамі ў Менску, арыштаваўшы 24 чалавекі.

Апошнія навіны