BE RU EN

Франаку Вячорку адмовілі ў войску ў законным адпачынку

  • 11.02.2010, 17:36

Палітжаўнер Франак Вячорка павінен быў 11 лютага сысці ў адпачынак. Але камандаванне яму адмовіла ў гэтым, спаслаўшыся на «расследаванне».

8 лютага Франак Вячорка быў днявальным. Ён зайшоў у кабінет ідэолага часткі Ігнаціка, каб высветліць лёс свайго рапарту наконт адпачынку. У кабінеце ён убачыў Ігнаціка і псіхолага Казака, з якімі размаўляў чалавек у цывільным, паведамляе «Радыё Свабода».

Вячорку паведамілі, што ён парушыў правілы паводзінаў днявальных, бо вырашаў асабістыя пытанні падчас дзяжурства. За гэта Ігнацік за паўгадзіны да канца нараду зняў Франака Вячорку з дзяжурства, нарад яму не залічаны, пачалося «расследаванне».

Франака Вячорку чакалі дома. Моладзевы актывіст у снежні 2009 года хварэў на цяжкую форму грыпу, а потым заразіўся каростай. У шпіталі ён планаваў удзельнічаць у онлайн канферэнцыі на сайце «Радыё Свабоды». Але за некалькі гадзін да пачатку канферэнцыі яго забралі з шпіталя ў частку. Пазней Вячорку нават палохалі крымінальным пераследам за распаўсюджванне інфармацыі пра выпадкі каросты ў беларускім войску. Праз тыдзень пасля гэтага ў Франка пачалося ўскладненне.

Нагадаем, што ў ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да вайсковай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў. Пасля абследавання ў ваенным шпіталі маладзёну была дадзена адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 года. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Менска прызнаў моладзевага актывіста прыдатным да вайсковай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджана рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Рашэнне суда было прынята ў адсутнасць Франака Вячоркі і яго адваката.

Зараз маладзён праходзіць службу ў вайсковай частцы 48694 у Мазыры (Гомельская вобласць).

Апошнія навіны