BE RU EN

Падпісаны адыёзны ўказ аб цэнзуры Інтэрнэту (Тэкст дакумента, абноўлена)

  • 1.02.2010, 18:44

Скандальны ўказ «Аб нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт» падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і ўступіць у сілу 1 ліпеня.

Праект гэтага ўказа з'явіўся ў Інтэрнэце ў снежні мінулага года. Тэкст законапраекта выклікаў крытыку як беларускай медыя-супольнасці, так і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку АБСЕ. Ацэнка праекту ўказа была адназначнай – дакумент распрацаваны для таго, каб заблакаваць у Беларусі непажаданыя ўладам апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы.

Падпісаны 1 лютага Аляксандрам Лукашэнкам ўказ «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт» практычна не змяніўся. У ім утрымліваюцца ўсе адыёзныя нормы, якія выклікалі пратэсты журналістаў і праваабаронцаў.

Згодна з дакументам, кантроль над рэсурсамі Інтэрнэту ў Беларусі павінен ажыццяўляцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў па ўзгадненні са спецыяльнай службай – Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі Лукашэнкі (ААЦ). Пад кантроль ААЦ пападаюць інтэрнэт-правайдэры краіны. «Пералік аператараў электрасувязі, якія маюць правы непасрэднага доступу (далучэння) да міжнародных сетак электрасувязі, а таксама ўпаўнаважаных пастаўшчыкоў паслугаў сеткі Інтэрнэт» будзе вызначаць ААЦ «па ўзгадненні з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь».

Дзейнасць правайдэра можа быць спыненая згодна з пастановай Савета Міністраў. У сферу ўплыву аператыўна-аналітычнага цэнтра таксама патрапіць забарона на доступ да інфармацыі, незаконнай паводле беларускага заканадаўства. І рэгістрацыя даменных імёнаў .by таксама будзе падкантрольная ААЦ.

Будзе ажыццяўляцца кантроль за карыстальнікамі Інтэрнэту:

«Уласнікі пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі альбо ўпаўнаважаныя імі асобы ажыццяўляюць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў у пунктах калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі… Звесткі аб абаненцкіх прыладах, персанальныя дадзеныя карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў, а таксама звесткі аб аказаных інтэрнэт-паслугах даюцца на запатрабаванне органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры і папярэдняга расследавання».

Што датычыць дзяржрэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў, дык ва ўказе заяўляецца:

«Дзяржаўная рэгістрацыя інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца па заяўніцкім прынцыпе Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі альбо ўпаўнаважанай ім арганізацыяй на падставе адпаведнага звароту пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў».

«Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя да 1 ліпеня 2010 г. забяспечыць пераход на выкарыстанне інфармацыйных сетак, сістэмаў і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў – іх дзяржаўную рэгістрацыю».

Сапраўдную трывогу выклікае пункт 11 указа: «Пры выяўленні грубых парушэнняў заканадаўства, паўторных парушэнняў іншых патрабаванняў гэтага Указа, іншых актаў заканадаўства ў сферы выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт на працягу шасці месяцаў пасля вынясення загада аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў аказанне інтэрнэт-паслугаў юрыдычнай асобе ці індывідуальнаму прадпрымальніку, які дапусціў такія парушэнні, можа быць прыпыненае пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў, што аказвае яму такія паслугі, на запатрабаванне органаў, пазначаных у частцы першай гэтага пункта...

.. Пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў абавязаны выканаць патрабаванне аб прыпыненні аказання інтэрнэт-паслугаў на працягу сутак з моманту яго атрымання і паінфармаваць пра гэта орган, які вынес патрабаванне, на працягу трох дзён з моманту яго атрымання».

Аб адказнасці за інфармацыю, якая размяшчаецца: «Адказнасць за змест інфармацыі, што размяшчаецца (перадаецца) у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт, нясуць асобы, якія размясцілі (перадалі) гэтую інфармацыю, а за парушэнне патрабаванняў гэтага Указа, у тым ліку за невыкананне загада (патрабавання) адпаведнага органа, які выносіцца ў адпаведнасці з пунктам 11 гэтага Указа, – пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў, уласнікі (упаўнаважаныя імі асобы) пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі».

Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2010 года.

«Распачатая спроба ўзяць пад кантроль беларускі сегмент сеткі. Па вялікім рахунку, усе палажэнні нашумелага праекту патрапілі ў сам указ з той толькі розніцай, што былі прыбраныя адкрыта непісьменныя фармулёўкі. Знешне дакумент накіраваны на «упарадкаванне» інтэрнэт-бізнэсу - інтэрнэт-гандлю, хостынг-паслугаў, паслугаў інтэрнэт-правайдэраў. Прадпрымальнікаў цяпер можна без рашэння суду пакараць прыпыненнем аказання інтэрнэт-паслугаў. Пункты па ідэнтыфікацыі карыстальнікаў таксама прысутнічаюць. Дэ-факта ў Беларусі правайдэраў абавяжуць мець сістэму, аналагічную расейскай САВМ. Таксама не зразумела, як можа ўдарыць па беларускіх інтэрнэт-СМІ «барацьба» улады за аўтарскія правы. На мілавіднай падставе выкарыстоўваючы гэты ўказ можна закрыць большасць навінавых беларускіх сайтаў. Галоўным па Байнэце, як і меркавалася, прызначаецца ААЦ. Фактычна міжнародны шлюз з рук «Белтэлекама» перадалі Аператыўна-аналітычнаму цэнтру», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org, каментуючы гэты ўказ, рэдактар сайта Electroname.com Фёдар Паўлючэнка.

Незалежныя эксперты не сумняюцца, што ўказ Лукашэнкі накіраваны, у першую чаргу, на блакаванне апазіцыйных вэб-рэсурсаў падчас правядзення выбараў.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец. Паводле яго словаў, у такім указе наогул няма сэнсу. Напрыклад, патрабаванне да дзяржаўных органаў зрабіць інфармацыю аб іх дзейнасці больш дасягальнай у Сетцы наогул можна назваць дэзінфармацыяй. Таму што тыя, хто хацелі гэта рабіць, і без таго гэта рабілі. Але тыя, хто хавалі інфармацыю, змогуць гэта рабіць і надалей.

«Што тычыцца абароны аўтарскіх правоў, дык на гэта ў Беларусі ёсць закон аб ахове аўтарскіх і сумежных правоў, і неабавязкова было прымаць асобны ўказ, які рэгулюе правы аўтараў у Інтэрнэце. Абавязак ставіць гіперспасылкі на крыніцу інфармацыі, замацаваны зараз ва ўказе, таксама падыходзіць пад закон аб ахове аўтарскіх і сумежных правоў. Адзінае, што перашкаджае ахове аўтарскіх правоў — гэта высокі кошт дзяржаўных пошлінаў за судовыя працэсы», — лічыць Бастунец.

На думку эксперта, найважнейшым ва ўказе з'яўляецца патрабаванне да пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў весці ўлік і захоўваць звесткі аб аказаных інтэрнэт-паслугах. «Тобок гэта дае магчымасць адсочвання трафіку, давання інтэрнэт-паслугаў, вызначэння карыстальнікаў, якія рэгулярна заходзяць на пэўныя сайты — напрыклад, апазіцыйныя. Гаворка ідзе пра кантроль над інфармацыяй у інтэрнэце», — адзначае Бастунец.

Ад сябе адзначым: падаецца, беларускі інтэрнэт як астравок адноснага вальнадумства і незалежнай інфармацыі можа перастаць існаваць у самы найбліжэйшы час. Вы можаце сутыкнуцца з тым, што выйсці на сайт charter97.org і іншыя незалежныя навінавыя рэсурсы стане немагчыма. Аднак менавіта ад вас, чытачы, ад вашых рашучых дзеянняў, залежыць, ці зможаце вы адваяваць свабоду Інтэрнэту - гэта значыць сваю ўласную свабоду.

ПОЎНЫ ТЭКСТ УКАЗА

Апошнія навіны