BE RU EN

Эксперты АБСЕ не змаглі аб'ектыўна расследаваць справу Бябеніна

  • 23.11.2010, 12:29

Ацэнку таго, што адбылося, эксперты АБСЕ далі толькі на падставе афіцыйнага «расследвання».

На сайце АБСЕ сёння быў апублікаваны прэс-рэліз, у якім паведамляецца, што эксперты Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе завяршылі ацэнку расследавання справы аб смерці беларускага журналіста Алега Бябеніна.

Ацэнка расследавання была праведзеная па просьбе беларускіх уладаў. Эксперты павінны былі вывучыць усе паказанні і матэрыялы па справе аб смерці, якія меліся.

«Ацэнка і аналіз экспертаў такі, што на падставе доказаў і інфармацыі, дасягальнай для іх, яны заключылі, што прычынай смерці было самагубства праз павешанне. Паводле словаў экспертаў, няма падставаў лічыць, што Алега Бябеніна павесілі пасля смерці», - кажацца ў прэс-рэлізе.

Прэс-рэліз інфармуе, што адзін эксперт быў з Нарвегіі, а другі са Швецыі, але не паведамляе іх імёны.

Мандат, які эксперты атрымалі на працу ў Беларусі, не дазволіў ім правесці асобнае расследаванне, а дазволіў толькі праверыць і ацаніць матэрыялы расследавання, праведзенага беларускім бокам, адзначаецца ў прэс-рэлізе АБСЕ.

Эксперты адзначаюць, што «ёсць спецыфічныя галіны (ці накірункі), у якіх магчымы далейшы тэхнічны аналіз, які могуць правесці адпаведныя беларускія органы».

Заснавальнік і кіраўнік сайта charter97.org Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават ў даце надыходу смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Алег Бябенін быў асноўным чальцом каманды апазыцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Апошнія навіны