BE RU EN

Саннікаў: Лукашэнка спрабуе прадаць Еўропе свой статус ворага Расеі

  • 2.11.2010, 12:12

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі даў інтэрв'ю вядучаму амерыканскаму навінаваму агенцтву «Блумберг».

Як паведамляе агенцтва «Блумберг», Еўрапейскі звяз павінен заняць больш цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў наступным месяцы і, напэўна, будуць сфальсіфікаваныя, заяўляе апазіцыйны кандыдат у прэзідэнты, прыхільны да еўрапейскай арыентацыі і свабоднага рынку.

56-гадовы Лукашэнка вельмі ўразлівы напярэдадні выбараў 19 снежня з прычыны эканамічнага крызісу, «на які ў яго няма адказу», а таксама таго факту, што расейскія лідэры больш яго не падтрымліваюць, - заявіў Андрэй Саннікаў падчас інтэрв'ю ў Берліне. На яго думку, у той час, як Расея змяніла падыходы, у Еўропе ёсць прыхільнікі гульні з Лукашэнкам.

«Еўропа павінна зыходзіць з таго, што Лукашэнка - апошні дыктатар Еўропы, і нічога не зменіцца, пакуль ён ва ўладзе», - заявіў Саннікаў. Тыя еўрапейскія палітыкі, якія лічаць, што яны могуць «еўрапеізаваць» Лукашэнку, праводзяць «вельмі бязглуздую і вельмі небяспечную палітыку».

Беларусь - постсавецкая рэспубліка з насельніцтвам каля 10 мільёнаў, якая вырабляе калій і трактары, мяжуе з Расеяй і трыма краінамі ЕЗ. Пачынаючы з 1996 года, міжнародныя назіральнікі крытыкуюць і лічаць несумленнымі ўсе выбары ў гэтай краіне.

Міністэрства фінансаў ЗША замарозіла рахункі трох даччыных кампаніяў беларускай дзяржаўнай нафтавай кампаніі ў 2008 годзе. У той жа час ЕЗ у мінулым месяцы падоўжыў прыпыненне візавых абмежаванняў, якія дзейнічаюць у дачыненні да Лукашэнкі і вышэйшых службовых асобаў, заяўляючы, што палітыка ўцягвання Лукашэнкі вядзе да некаторых паляпшэнняў у галіне правоў чалавека.

Замест таго, каб адмаўляцца ад сваіх прынцыпаў, ЕЗ павінен прыняць за аснову больш сур'ёзную мадэль паводзінаў у дачыненні да Беларусі, якая цесна звяжа палітычныя і гандлёвыя стасункі з правамі чалавека і дэмакратыяй, заявіў Саннікаў, прыводзячы ў прыклад палітыку ЗША.

Сфальсіфікаваныя выбары

56-гадовы Саннікаў - былы намеснік міністра замежных справаў Беларусі, які падаў у адстаўку ў 1996-м годзе і які зараз ездзіць па краіне, каб заваяваць падтрымку, заяўляе, што снежаньскія выбары таксама не будуць сумленнымі. Адзін з 11 кандыдатаў Саннікаў, лічыць, што выбары ад пачатку недэмакратычныя. Тым не менш, ён вядзе кампанію, накіраваную на перамогу.

«У Беларусі ўсе - не толькі апазіцыя, але і звычайныя людзі разумеюць, што галасы не лічацца», - заяўляе Саннікаў на бліскучай англійскай. Ён кажа, што яго мэта - задакументаваць адсутнасць у краіне дэмакратыі і вывесці людзей на вуліцу. «Людзі будуць гатовыя, больш чым у 2006 годзе, выйсці на вуліцы і пратэставаць супраць вынікаў выбараў».

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2006 годзе адбыліся масавыя пратэсты, якія былі задушаныя ўладамі. Саннікаў кажа, што з таго часу, як ён сышоў у адстаўку, яго саджалі ў турму, збівалі, канфіскоўвалі кампутары. На пытанне, ці не баіцца ён за сваё жыццё, ён адказвае: «Усё можа быць. Трэба гэта ўлічваць».

Пагаршэнне стасункаў з Расеяй

Расея дэманструе, што яна губляе цярпенне ў адносінах да кіравання Лукашэнкі, пагражае скарачэннем нафтавых і газавых субсідыяў Беларусі. На працягу шматлікіх гадоў Беларусь атрымлівала расейскую нафту з 36-працэнтнай скідкай. Гэтую розніцу Беларусь эксплуатавала, прадаючы нафту па больш высокіх коштах у Заходнюю Еўропу. Па словах расейскага прэм'ера Уладзіміра Пуціна, толькі ў гэтым годзе субсідыі склалі 4,8 мільярда даляраў. Саннікаў лічыць, што ў цэлым расейскія субсідыі Беларусі склалі больш за 50 млрд. даляраў.

Раней у гэтым годзе паміж Беларуссю і Расеяй распачалося тое, што «Газпрам», расейскі газавы манапаліст, назваў «газавай вайной», якая скончылася пасля таго, як беларускі бок выплаціў доўг, суправадзіўшы гэта пагрозамі Лукашэнкі спыніць пастаўкі расейскай нафты і газу ў Еўропу.

Прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў 3 кастрычніка заявіў, што ў сваёй выбарчай кампаніі Лукашэнка ставіцца да Расеі як да «знешняга ворага», і што «антырасейская рыторыка», «абвінавачванні і абразы» выходзяць не толькі па-за межы дыпламатычных правілаў, але і па-за межы звычайнай чалавечай прыстойнасці.

Вораг Расеі

Расея змяніла падыход да Лукашэнкі, Еўропа ж гэтага не зрабіла, кажа Саннікаў.

«Лукашэнка спрабуе прадаць Еўропе свой нованабыты статус ворага Расеі і, на жаль, небеспаспяхова», - кажа Саннікаў. «Некатотыя еўрапейскія палітыкі разглядаюць магчымасць дапамогі Лукашэнку, таму што ён становіцца антырасейскім», - кажа Саннікаў, але устрымліваецца ад агучвання імёнаў.

Італьянскі прэм'ер Сільвіа Берлусконі год таму стаў першым заходнееўрапейскім лідэрам, які нанёс афіцыйны візіт у Беларусь пасля абрання Лукашэнкі. Нямецкі віцэ-канцлер і міністр замежных справаў Гіда Вестэрвеле і польскі міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі будуць у Менску ў аўторак і сустрэнуцца са сваімі беларускімі калегамі.

«Еўропа выпрабавала ўсе падыходы да Лукашэнкі: пернікі, пугі, абяцанкі, умовы, адмену умоваў, дыялог, палітыку прымірэння, рэзкія фармулёўкі, мяккія фармулёўкі», - кажа Саннікаў. «Вы не можаце змяніць Лукашэнку: ён думае толькі пра ўтрыманне улады».

Апошнія навіны