BE RU EN

Пракуратура падаўжае праверку па справе Алега Бябеніна

  • 2.11.2010, 10:02

Праверку па факце смерці беларускага журналіста Алега Бябеніна пракуратура мае намер падоўжыць на месяц.

Пра гэта паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» старэйшы памочнік пракурора Менскай вобласці Таццяна Калініна.

«Пракуратура мае намер яшчэ на 1 месяц падоўжыць праверку па факце смерці А. Бябеніна. Артыкул 173 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае магчымасць падаўжэння пракурорскай праверкі», - паведаміла Калініна.

Яна нагадала, што гэта будзе ўжо другое падаўжэнне праверкі па гэтым факце. 3 кастрычніка пракурор Менскай вобласці Аляксандр Архіпаў падоўжыў да 3 лістапада тэрміны праверкі па факце смерці Бябеніна, удакладніла Калініна, дадаўшы, што «гэтае рашэнне было прынятае ў сувязі з тым, што яшчэ не быў скончаны шэраг экспертызаў, працягвалася правядзенне іншых праверачных мерапрыемстваў».

Заснавальнік і кіраўнік сайта charter97.org Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават ў даце надыходу смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Алег Бябенін быў асноўным сябрам каманды апазыцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Апошнія навіны