BE RU EN

У Менску выступяць легендарныя Deep Purple

  • 19.11.2010, 13:02

27 сакавіка 2011 года ў сталічным Палацы спорту плануецца адзіны канцэрт вядомага брытанскага рок-гурта Deep Purple.

Як паведамілі БелаПАН арганізатары канцэрту, Deep Purple плануе выступ у беларускай сталіцы ў межах еўрапейскага турнэ. Разам з тым на афіцыйным сайце гурта яшчэ не з'явіўся расклад канцэртаў на наступны год. У лістападзе—снежні 2010 года Deep Purple выступіць у Германіі і ў Францыі.

Брытанскі рок-гурт быў створаны ў лютым 1968 года ў Хартфордзе (Англія) і спачатку выступіў пад назвай Roundabout. Музычныя крытыкі называюць Deep Purple адным з заснавальнікаў хард-рока і высока ацэньваюць іх унёсак у развіццё прагрэсіўнага рока і хэві-метала.

Больш за за 40 гадоў існавання гурта яго склад неаднаразова змяняўся, агулам ў розны час у гурце выступалі 14 чалавек. Ударнік Ен Пэйс — адзіны музыка, які ўдзельнічаў ва ўсіх складах Deep Purple. Музыкі «класічнага» складу Deep Purple — гітарыст Рычы Блэкмар, клавішнік Джон Лорд, барабаншчык Ен Пэйс — лічацца інструменталістамі-віртуозамі. У свеце прададзена каля 150 мільёнаў копіяў іх альбомаў.

Кошт квіткоў на канцэрт у Менску складзе: танцпляц — 150 тыс., фан-зона — 250 тыс., сектары — ад 130 тыс. да 280 тыс. беларускіх рублёў.

Апошнія навіны