BE RU EN

За Андрэя Саннікава сабрана больш за 20 тысяч подпісаў

  • 4.10.2010, 17:41

Больш за 20 тысяч беларусаў падпісаліся за вылучэнне лідара «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава кандыдатам у прэзідэнты.

Аб тым, як праходзіць збор подпісаў, прэс-службе грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» распавёў кіраўнік ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец.

- Колькі подпісаў сабрана на дадзены момант?

- Мы штодня атрымліваем інфармацыю аб колькасці сабраных подпісаў у падтрымку вылучэння Андрэя Саннікава. На дадзены момант сябрамі ініцыятыўнай групы сабрана больш за 20.000 подпісаў. Пасля праверкі правільнасці запаўнення, падпісныя лісты ў адпаведнасці з выбарчым кодэксам будуць перадавацца ў адпаведныя выбарчыя камісіі.

- Дзе сабрана больш подпісаў - у сталіцы ці рэгіёнах?

- Больш за палову ўсіх подпісаў сабрана ў Менску. Гэта тлумачыцца тым, што ў сталіцы збор подпісаў распачалі адразу ж пасля выдачы ЦВК пасведчанняў і падпісных лістоў, у некаторыя ж рэгіёны краіны дакументы былі дастаўленыя некалькі пазней. Подпісы збіраюцца як на пікетах, так і шляхам абыходу кватэр.

- Раней паведамлялася аб высокай актыўнасці людзей і аб тым, што каля пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне Саннікава нават выстройваюцца чэргі...

- Сапраўды, актыўнасць людзей, якія ставяць подпіс за Саннікава, вельмі высокая. Людзі часта выстойваюць немалыя чэргі, але ніхто не сыходзіць, а цярпліва чакаюць, пакуль подпісы паставяць тыя, што стаяць наперадзе.

Мы ўдзячныя ўсім грамадзянам Беларусі, хто вырашыў падтрымаць Андрэя Саннікава. Мы ўдзячныя за цярпенне ў чэргах і за разуменне таго, што сябры ініцыятыўнай групы - такія ж грамадзяне, у якіх ёсць праца ці вучоба, і якія аддаюць збору подпісаў увесь свой вольны час. Мы будзем і далей пашыраць геаграфію пікетаў. Дарэчы, у Менску іх ужо каля 30.

Апошнія навіны