BE RU EN

Кіраўнік МУС апраўдвае бясчынства АМАПа (Фота)

  • 28.01.2010, 14:35

Міністр МУС сёння заявіў, што падчас акцый апазіцыі журналісты самі правакуюць АМАП на грубасць.

Падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Менску журналісты паскардзіліся міністру ўнутраных спраў Беларусі Анатолю Куляшову на грубыя дзеянні міліцыянтаў падчас масавых акцый, калі тыя перашкаджаюць фотакарэспандэнтам і відэааператарам выконваць свае прафесійныя абавязкі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Мне пра гэта нічога не вядома», -- сказаў Куляшоў і прапанаваў журналістам паведамляць асабіста яму пра такія выпадкі і дасылаць фотаздымкі тых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія гэта робяць. Пры гэтым міністр не выключае, што гэта былі правакацыі з боку альбо саміх журналістаў, альбо ўдзельнікаў акцый.

Нагадаем, што 23 верасня Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала у пракуратуру і МУС лісты, патрабуючы правесці расследаванне па фактах парушэнняў правоў журналістаў падчас правядзення акцыяў апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы. 30 кастрычніка журналісты атрымалі ліст з Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі (ГУУБ) Міністэрства ўнутраных справаў. У адказе за подпісам начальніка трэцяга ўпраўлення ГУУБ МУС Віталя Кісцернага паведамляецца, што па заяве праведзеная вычарпальная праверка ГУУС Менгарвыканкама, пра вынікі якой БАЖ быў паінфармаваны ў «вызначаным законам парадку».

Але ніякай паперы з вынікамі праверкі БАЖ так да гэтага часу і не атрымаў. Нягледзячы на тое, што юрысты тэлефанавалі міліцыянтам і нагадвалі пра абяцанне даслаць ім гэты ліст не аднойчы.

Больш за тое, у момант разгляду скаргі, 16 кастрычніка, падчас разгону мірнай акцыі салідарнасці супрацоўнікі АМАПа зноў блакавалі працу журналістаў. Калі падчас разгону акцыяў 9 і 16 верасня да кожнага журналіста прыстаўлялі па 2-3 чалавекі, дык ў гэты раз прадстаўнікоў СМІ атачалі па 5 амапаўцаў, якія хапалі аб'ектывы і пашкоджвалі апаратуру.

22 кастрычніка намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Яўген Полудзень заявіў, што ў распрацоўцы комплексу мер па працы з журналістамі беларуская міліцыя абапіраецца на досвед калег з Нямеччыны.

«Падчас сваіх візітаў у Нямеччыну мы перанялі досвед працы паліцыянтаў на акцыях «правых», «левых», «зялёных». Там прэса не мае права здымаць на фота і відэа твары як супрацоўнікаў паліцыі, так і ўдзельнікаў акцый. Толькі агульны план. Думаю, такі досвед трэба пераняць», - сказаў ён.

У адказ на сцвярджэнне намесніка кіраўніка МУС Беларусі ў Саюзе журналістаў Нямеччыны заявілі, што «калі на дэманстрацыі паліцыя збівае людзей, праца журналіста — задакументаваць гэта».

Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота Белапан

Апошнія навіны