BE RU EN

Ваенкамат незаконна ўнес апазіцыянера ў спісы невыязных

  • 5.08.2009, 9:07

У аўторак гомельскі актывіст «Маладога фронту» Андрэй Цянюта атрымаў па пошце паведамленне аб часавым абмежаванні выезду з Беларусі.

У паведамленні за подпісам гарадскога ваенкама Вячаслава Цацарына кажацца, што выезд абмежаваны на падставе рашэння № 1033 ад 27 ліпеня «у сувязі з нез'яўленнем на мерапрыемствы прызыву на тэрміновую ваенную службу», перадае «Радыё Свабода».

Нагадаем, што 22-гадовага Андрэя Цянюту выклікалі ў ваенкамат 24 ліпеня. Аднак моладзевы актывіст не пайшоў у ваенкамат, і адправіў даведку, што з'яўляецца студэнтам-завочнікам 3 курса Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Навучанне дае права на адтэрміноўку ад службы ў арміі.

Андрэй Цянюта мае намер абскардзіць рашэнне на абмежаванне выезду за межы Беларусі ў абласным ваенкамаце.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтоўна прызвалі ў армію. Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтоўна забралі ў армію 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў вну, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў накіравалі ў армію, нягледзячы на медыцынскія паказанні.

Апошнія навіны