BE RU EN

Дыктатару прымроіліся агрэсары

  • 7.07.2009, 12:46

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускае войска павіннае супрацьстаяць «любым агрэсарам».

«Гістарычны досвед беларускага народа, усвядомлены выбар свайго шляху развіцця патрабуюць ад нас пільнасці, сталага клопату аб бяспецы дзяржавы, а таксама правядзення міралюбнай знешняй палітыкі», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў аўторак на прыёме выпускнікоў вайсковых навучальных установаў Беларусі і Расейскай Федэрацыі.

У сувязі з гэтым, сказаў беларускі кіраўнік, «краіна на міжнароднай арэне выразна трымае курс добрасуседства, актыўна выступае за пабудову шматпалярнага свету, заснаванага на ўзаемнай павазе правоў нацый і народаў». Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што «стваральная праца беларускага народа, незалежнасць дзяржавы павінныя быць надзейна абароненыя нашым войскам». «Мы захавалі народнае войска, адмовіўшыся ад «наёманага войска», аднавілі прэстыж вайсковай службы і найглыбокую павагу да абаронцы Айчыны», - заявіў А.Лукашэнка.

Па ягоных словах, мінулае падало беларусам нямала суровых урокаў. «І галоўны з іх - з'яднаўшыся ў складаную гадзіну, наш народ здольны супрацьстаяць любому агрэсару, любой бядзе, з гонарам вытрымаць усе выпрабаванні», - сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што вайсковая справа не стаіць на месцы: удасканальваецца зброя, баявая тэхніка, вайсковае мастацтва, у войска прыходзяць новыя людзі. Кіраўнік нагадаў, што ў снежні 2008 года зацверджаны новы План абароны дзяржавы, які ўлічвае змены ў падыходах да вядзення ўзброенай барацьбы.

«Прынятая Канцэпцыя будаўніцтва і развіцця ўзброеных сіл да 2020 года», - сказаў Лукашэнка. Звяртаючыся да афіцэраў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ім «іх чакае сталае засвойванне ўсяго новага і перадавога, каб інтэнсіўна нарошчваць баявыя магчымасці нашага войска».

Ён адзначыў, што сур'ёзным іспытам на прафесійную сталасць сёлета стане аператыўна-стратэгічнае вучэнне «Захад-2009». «Гэта чарговы значны крок у падрыхтоўцы ўзброеных сіл і ўдасканалення дзеючай сістэмы забеспячэння бяспекі дзяржавы», - падкрэсліў А.Лукашэнка.

Акрамя таго, звяртаючыся да выпускнікоў вайсковых вну, ён заявіў, што «прыярытэтным накірункам вашай службы павіннае таксама стаць правядзенне ў войску ідэалогіі беларускай дзяржавы, удзел у патрыятычным выхаванні насельніцтва».

Апошнія навіны