BE RU EN

Саша Гусаў рабіў фотасесію беларускага дыктатара на ваенным парадзе

  • 31.07.2009, 10:06

Вядомы брытанскі фатограф ужо распачаў працу з Аляксандрам Лукашэнкам. Паслугі «фатографа каралёў і прэзідэнтаў» каштуюць нятанна.

Як высветлілася, Саша Гусаў здымаў беларускага кіраўніка падчас нядаўняга параду, піша «Салідарнасць».

Нагадаем, на гэтым тыдні стала вядома, што Саша Гусаў, якога называюць «фатографам каралёў і прэзідэнтаў», плануе зрабіць «партфоліё» Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, гэта пацвердзіў піяр-мэнэджар, які супрацоўнічаў з Гусавым у межах праекту Re: [канструкцыя будучыні].

Высветлілася, што Саша Гусаў ужо фатаграфаваў Аляксандра Лукашэнку падчас параду 3 ліпеня. Уражаннямі падзяліліся беларускія калегі брытанца.

«Гэты фатограф бегаў праз праспект, ледзьве не клаўся пад танкі і ніхто пры гэтым яго не чапаў! – дзівяцца беларускія калегі Гусава. – Калі б мы так сябе паводзілі на парадзе, у нас даўно б адабралі фотаапараты!»

Сапраўды, сек'юрыці Лукашэнкі вельмі дбайна ахоўваюць свайго патрона ў тым ліку ад здымкаў у непажаданых ракурсах. Таму асаблівыя ўмовы, створаныя для брытанца, выклікалі немалую цікавасць у яго калегаў.

«Гусаў працаваў з такім допускам, як і асабісты фатограф прэзідэнта, камунікаваў непасрэдна з прэс-сакратаром Лукашэнкі, на заўвагі і пярэчанні аховы зусім не рэагаваў, -- распавёў адзін з фотакараў, якія працавалі на парадзе. -- Нам распавялі, што гэта брытанскі фатограф, які робіць кнігу пра Беларусь. «Свабодны чалавек са свабоднай краіны, якому пастаўленая прафесійная задача, выкананню якой нішто не павінна перашкаджаць», - падумалі мы. Але нашыя вымуштраваныя аховай фатографы так сябе не паводзяць!»

Па ўсёй верагоднасці, Саша Гусаў у хуткім часе прыедзе ў Беларусь яшчэ раз, каб увасобіць Аляксандра Лукашэнку ў «мірнай» абстаноўцы і/ці падаць яму вынікі фотасесіі. Тым часам наведнікі інтэрнэт-форумаў упэўненыя, што паслугі «фатографа каралёў і прэзідэнтаў каштуюць нятанна, і задаюцца пытаннем: «За чый кошт банкет?»

Апошнія навіны