BE RU EN

Падчас трэніроўкі загінула беларуская веласіпедыстка, чэмпіёнка свету Зінаіда Стагурская

  • 26.06.2009, 9:01

25 чэрвеня недалёка ад Віцебску беларуская велагоншчыца патрапіла пад колы расейскай «Хонды».

Як паведамілі БелаПАН у рэспубліканскай Дзяржаўтаінспекцыі ДАІ МУС, ДТЗ адбылося 25 чэрвеня ў 13.45 на 93-м кіламетры аўтадарогі мяжа Расейскай Федэрацыі — Віцебск — Гомель, дзе спартоўка праводзіла трэніроўку.

Аўтамабіль Honda CR-V з расейскімі нумарамі пад кіраваннем жыхаркі Санкт-Пецярбурга 1967 года нараджэння, рухаючыся ў бок Оршы, пачаў ссоўвацца на паласу сустрэчнага руху, не змяняючы хуткасці. Па сустрэчнай паласе на аўтамабілі «ВАЗ-2104» ехаў трэнер, а за ім на адлегласці 10 метраў Зінаіда Стагурская. Аўтамабілі размінуліся, а веласіпедыстка патрапіла пад колы Honda, якая пасля з'ехала ў кювет. Ад атрыманых траўмаў спартоўка сканала на месцы, а кіроўца дастаўленая ў рэанімацыю Віцебскай абласной клінічнай лякарні.

У 38-гадовай спартоўкі, якая стала пражывае ў Італіі і прыехала дадому на пабыўку, засталася цяжарная дачка. У бліжэйшы ўік-энд Зінаіда збіралася прыняць удзел у чэмпіянаце краіны ў Лагойску.

Апошнія навіны