BE RU EN

Прафесар Лепін: Атамныя электрастанцыі амаль ніколі не акупляюцца

  • 4.03.2009, 9:03

Навукоўцы сцвярджаюць, што на будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі прыйдзецца выдаткаваць больш за абвешчаных 12 мільярдаў даляраў.

Аб гэтым заявіў агенцтву БелаПАН доктар тэхнічных навук прафесар Георгій Лепін 3 сакавіка ў Астраўцы па заканчэнні сустрэчы навукоўцаў і спецыялістаў з мясцовымі жыхарамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый.

«У АЭС ёсць адна асаблівасць: ейны кошт па меры будаўніцтва несупынна расце. Напрыклад, у Фінляндыі да будаўніцтва АЭС казалі, што гэта танны праект. Цяпер так не кажуць», -- адзначыў навуковец.

Па ягоных словах, за час будаўніцтва кошт фінскай станцыі павялічылася ў два разы, ссунутыя першапачатковыя тэрміны будаўніцтва.

«Кошт нашай станцыі, як было агучана, можа скласці 12 млрд. даляраў, але, думаю, з улікам чаканых выдаткаў канчатковая сума будзе значна вышэй», — сказаў Георгій Лепін.

Па ягоным меркаванні, атамныя станцыі амаль ніколі не акупляюцца. З эксплуатацыі выведзена больш за 100 атамных рэактараў, і ні адзін з іх не прапрацаваў і 20 год, хоць першапачаткова планавалася, што рэактары будуць працаваць не менш за 30 год, падкрэсліў навуковец.

Георгій Лепін перакананы, што для энергетычнай бяспекі Беларусі неабходна не будаваць АЭС, а мадэрнізаваць цеплавыя станцыі.

«Сёння ні адна з цеплавых станцый не працуе на поўную магутнасць. Звязана гэта ў першую чаргу з састарэлым абсталяваннем. Значыць, трэба яго мадэрнізаваць», — заявіў ён.

Адмысловец адзначыў, што мадэрнізацыя, напрыклад, Бярозаўскай ГРЭС і перавядзенне яе на парагазавыя тэхналогіі дазволіць павялічыць вытворчасць электраэнергіі на 40% і на столькі жа знізіць ейны сабекошт.

«Гэта нармальны шлях, які дазволіў бы Беларусі вырашыць энергетычныя праблемы», — лічыць Георгій Лепін.

Георгій Лепін таксама паведаміў, што астравецкая пляцоўка, абраная ў якасці месца для будучай АЭС, недастаткова даследаваная.

«У мяне атрымалася сустрэцца з адмыслоўцамі ў галіне даследавання пляцовак пад адказнае будаўніцтва. І я прыйшоў да высновы, што нічога падобнага на сур'ёзнае даследаванне гэтай пляцоўкі не было», — заявіў навуковец.

Па ягоных словах, Астравецкую пляцоўку яшчэ на пачатковым этапе неабходна было перавесці ў ранг палігона і ўсталяваць рэперныя сістэмы для даследавання зрухаў зямной кары ва ўсіх напрамках.

«І толькі пасля такіх даследаванняў, якія працягваюцца год-два, можна сказаць аб тым, што ўяўляе сабой пляцоўка. Прыкмет, па якіх можна судзіць аб надзейнасці Астравецкай пляцоўкі, няма. Проста даследаваць, які пад намі грунт, — гэта не адказ на пытанне», — лічыць прафесар.

Апошнія навіны