Да актывістаў экалагічнай кампаніі прыйшлі з ператрусамі
- 11.03.2009, 9:51
Сёньня раніцай дамоў да лідэра ініцыятывы «Астравецкая атамная – гэта злачынства» прыйшлі міліцыянты.
Яшчэ ў мінулую пятніцу да астравецкіх актывістаў Міколы Уласевіча і Івана Крука, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС, наведваліся міліцыянты. Яны мелі пры сабе дазвол раённага пракурора на агляд кватэраў, перадае «Радыё Свабода».
У Міколы Уласевіча нікога не было ў хаце, а сын Івана Крука адмовіўся каго-небудзь без дазволу бацькі пускаць у кватэру.
У панядзелак Іван Крук сам наведаў пракурора і той, зь ягоных словаў, патлумачыў, што ордэр быў выдадзены ў сувязі з выхадам у рэгіёне незалежнага выданьня «Астравецкі весьнік», які самастойна выдалі чальцы аргкамітэта грамадзянскай ініцыятывы «Астравецкая атамная – гэта злачынства».
Падчас ператрусу міліцыянты нічога не знайшлі. Але сфатаграфавалі ўсе пакоі ў хаце й дом звонку.
Ператрус, згодна з пастановай пракурора, ажыцьцяўляўся на той падставе, што «4 сакавіка ў Астравецкі РАУС прыйшло паведамленьне ад начальніка Ўпраўленьня КДБ па Астравецкім раёне спадара Шмурэя аб тым, што 4 сакавіка ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну распаўсюджвалі літаратуру невядомага характару».
Выданьне «Астравецкі весьнік» выйшла на чатырох старонках, фарматам А4, накладам 299 асобнікаў, на беларускай і расейскай мовах. У першым нумары выданьня зьмешчаны матэрыялы, скіраваныя супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Сябры аргкамітэту лічаць, што АЭС «па азначэньні ня можа быць пабудаваная ў самай сейсманебясьпечнай зоне, якой зьяўляецца Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці». Аб гэтым гаворыцца ў матэрыяле старшыні аргкамітэту Міколы Ўласевіча.
Нагадаем, што сябры аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы «Астравецкая атамная – гэта злачынства» ўжо неаднаразова зьвярталіся да мясцовых уладаў з тым, каб яны дазволілі правесьці пікеты, сустрэчу з навукоўцамі з мэтай давесьці да людзей марнасьць ідэі пабудовы станцыі ў іх раёне.
Усе разы ім было адмоўлена. Акрамя гэтага, мясцовая раёнка, адмовілася зьмяшчаць на сваіх старонках матэрыялы чальцоў аргкамітэту, у якіх крытыкавалася пазыцыя беларускіх уладаў у дачыненьні будаўніцтва АЭС.
«Усе гэтыя прычыны й сталі нагодай для зьяўленьня новага выданьня» – падкрэсьліў Мікола Уласевіч.
Спадары Крук і Уласевіч напісалі скаргу на дзеяньні раённага пракурора Генэральнаму пракурору.