BE RU EN

Амбасадар Швецыі: «Палітыка ЕЗ будзе больш канкрэтнай і эфектыўнай»

  • 20.11.2009, 14:26

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан пракаментаваў абранне прэзідэнта і вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ.

«Вельмі добра, што гэта адбылося. Быў зроблены моцны крок да вялікай інтэграцыі еўрапейскіх краін. Нарэшце пастаўлена фінальная кропка ў Лісабонскай дамове. Вельмі добра і тое, што лідэры краін ЕЗ паказалі, што яны гатовыя да кансэнсуса дзеля руху наперад. Я мяркую, што пасля абрання кіраўнікоў ЕЗ у палітыцы істотных зменаў не адбудзецца, але палітыка, асабліва міжнародная палітыка, будзе больш канкрэтнай і эфектыўнай», -- пракаментаваў сайту «Еўрапейская Беларусь» вынікі выбараў прэзідэнта і вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі амбасадар краіны-старшыні ЕЗ.

Нагадаем, што прэм’ер-міністр Бельгіі Герман ван Рампей быў учора адзінагалосна абраны першым прэзідэнтам Еўразвяза, а камісар ЕЗ па гандлі, брытанка Кэтрын Эштан – вярхоўным прадстаўніком па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі.

Апошнія навіны