BE RU EN

Зноў падоўжаныя тэрміны следства па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі

Следства па справе аб знікненні былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі падоўжана да 24 кастрычніка.

Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабронца Алег Воўчак.

Паводле яго словаў, адпаведны ліст сваякі атрымалі з пракуратуры Менска, аднак у ім не ўдакладняецца, якія следчыя дзеянні праводзяцца па гэтай справе.

Акрамя гэтага, як паведаміў Воўчак, сваякі Захаранкі атрымалі электронны ліст з адказам на свой запыт з Міністэрства замежных спраў Беларусі. «Нагадаю, сваякі звярталіся ў беларускі МЗС адносна неаднаразовых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што сляды забойцы Захаранкі знаходзяцца ў Нямеччыне. МЗС адказаў, што гэтая структура расследаваннямі крымінальных спраў не займаецца, а зварот сваякоў будзе перададзены ў Міністэрства замежных спраў Нямеччыны. Такім чынам, расследаваннем знікнення Захаранкі і праверкай словаў Лукашэнкі зоймецца нямецкая паліцыя», — паведаміў Воўчак.

Воўчак таксама нагадаў, што ў кастрычніку адбудзецца паседжанне працоўнай групы па гвалтоўных знікненнях ААН, на якім будзе прааналізавана дзейнасць беларускіх уладаў у пошуках Юрыя Захаранкі і астатніх зніклых беларускіх апазіцыянераў. Праваабаронцы ўжо выказалі сваё меркаванне на гэты конт. Алег Воўчак, у прыватнасці, лічыць, што беларускія ўлады «імітуюць следства».

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі.

Аб неабходнасці высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў стала заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

Апошнія навіны