BE RU EN

10 гадоў таму ў Беларусі адбыўся Марш Свабоды (Фота)

  • 16.10.2009, 16:53

17 кастрычніка спаўняецца 10 гадоў «Маршу свабоды» – адной з самых масавых і значных акцый беларускай апазіцыі.

«Марш Свабоды» увайшоў у гісторыю і адкрыў новую старонку беларускага Супраціву. Для таго, каб ацаніць значэнне «Марша Свабоды», як і любой гістарычнай падзеі, трэба ўлічыць, у якіх умовах ён праходзіў, піша сайт «Еўрапейская Беларусь».

1999 год стаў годам выкраданняў і забойстваў лідэраў дэмакратычнай апазіцыі Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. У сакавіку 1999 года пры загадкавых абставінах памёр наймацнейшы палітык і самы папулярны апанент Лукашэнкі Генадзь Карпенка. У турмах знаходзяцца дэпутаты Вярхоўнай Рады 13-га склікання Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, мастак Алесь Пушкін і іншыя бачныя апазіцыянеры. Узмацняецца ціск на незалежныя СМІ. «Закручванне гаек» адбываецца па ўсіх накірунках. Актывізуецца і ўмацоўваецца РНА. Пры папушчальніцтве і падтрымцы ўлад неафашысты здзяйсняюць напады на дэмакратаў. Некаторыя аддзяленні міліцыі пачынаюць сумеснае з «рнешнікамі» патруляванне вуліц.

21 ліпеня 1999-га мінае пяцігадовы тэрмін кіравання, на які абраны Аляксандр Лукашэнка. Наступнае яго знаходжанне ва уладзе незаконнае. Але спроба апазіцыі правесці альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта скончылася няўдачай.

Здаецца, што нішто не зможа спыніць наступную фізічную ліквідацыю апанентаў рэжыму па сцэнары лацінаамерыканскіх «эскадронаў смерці». Палітычная апазіцыя раз'яднаная і запалоханая, дэмакратычныя актывісты не вераць у свае сілы…

У гэтай сітуацыі выхад на вуліцы Менска дзясяткаў тысяч людзей стаў поўнай нечаканасцю для многіх. Большасць пратэстуючых – моладзь. Удзельнікі «Марша Свабоды» разгортваюць 30-метровыя бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Еўрапейскага Звяза. Лозунгі Марша – «Свабоду палітвязням!», «Не дыктатуры!», «Беларусь у Еўропу!». Шматтысячная калона прайшла па вуліцах горада, выкрыўшы міф пра слабасць апазіцыі.

Акцыя завяршылася сутыкненнямі пратэстуючых з АМАПам. Дзясяткі ўдзельнікаў былі арыштаваныя, супраць арганізатараў узбуджана крымінальная справа. Еўрапейскі Звяз, АБСЕ, і цэлы шэраг заходніх краін асудзілі ўжыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў і заявілі, што сутыкненні справакавалі менскія ўлады і кіраўніцтва МУС.

«Марш Свабоды» паказаў усяму свету, што ў Беларусі жыве народ, які аддае перавагу еўрапейскаму дэмакратычнаму шляху развіцця замест сярэднявечнай дыктатуры і варварства.

«Марш Свабоды» вярнуў многім надзею і паказаў, што барацьба працягваецца.

Беларусы прадэманстравалі рэжыму, што іх не атрымалася запалохаць, што яны не будуць спакойна назіраць за злачыннымі дзеяннямі «эскадронаў смерці». Такім чынам, былі спыненыя палітычныя выкраданні і забойствы.

Маладыя людзі, якія ўпершыню дашлі на «Марш Свабоды» ці былі яго сведкамі, сталі новым пакаленнем беларускіх дэмакратаў. Людзьмі, якія ведаюць кошт свабоды і гатовыя за яе змагаюцца, людзьмі, якія незалежна ад абставінаў, ніколі не стануць рабамі.

Апошнія навіны