BE RU EN

МЗС Украіны: Расея рыхтуе ўварванне. Жыхарам Крыма ужо раздаюць расейскія пашпарты

  • 5.09.2008, 17:46

Міністр замежных спраў Украіны Ўладзімір Агрызка абвінаваціў улады РФ у тым, што яны таемна раздаюць расейскія пашпарты жыхарам Крыма, каб потым апраўдаць магчымае ўзброенае ўварванне неабходнасцю абароны сваіх грамадзян.

Расейскае консульства ў сталіцы Крыма Сімферопалі раздае пашпарты РФ грамадзянам Украіны і адмаўляецца адказваць на запыты ўкраінскіх уладаў аб тым, колькі пашпартоў было выдадзена, заявіў Агрызка ў інтэрв'ю нямецкай Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Агрызка назваў "сапраўднай праблемай" тое, што Расея паабяцала абараняць сваіх грамадзян за мяжой, перадае агенцтва AFP. "Звычайна ў крызісныя перыяды грамадзяне проста вяртаюцца да сабе дадому," - адзначыў ён, дадаўшы, што для Ўкраіны непрымальна, калі аргумент абароны грамадзян ператвараецца ў абгрунтаванне ваеннай інтэрвенцыі.

У сваім інтэрв'ю Агрызка правёў недвухсэнсоўную паралель паміж сітуацыяй у Крыму і дзеяннямі Расеі на Каўказе, калі РФ увяла войскі ў Паўднёвую Асецію для абароны жыхароў рэспублікі, шматлікія з якіх да таго часу мелі расейскія пашпарты, а праз некаторы час прызнала яе незалежнасць.

Нагадаем, што падчас асяціна-грузінскага ўзброенага канфлікта, распачатага з нападу грузінскага войска на Цхінвалі, кіраўніцтва Ўкраіны аказала палітычную падтрымку Грузіі. Прэзідэнт Віктар Юшчанка выдаў указ, абмяжоўваючы рух чарнаморскага флота РФ, які, аднак, быў праігнараваны расейскімі ўладамі.

Апошнія навіны