BE RU EN

Расейскі амбасадар зноў цісне на афіцыйны Менск

  • 27.08.2008, 16:39

Расея разлічвае на тое, што Беларусь як бліжэйшы саюзнік прызнае незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, заявіў ў сераду Надзвычайны і Паўнаважны амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

"Прызнаць суверэнітэт або не прызнаць - гэтае суверэннае права Беларусі, але мы, сапраўды кажучы, на гэта разлічваем, як на самога блізкага партнёра Расейскай Федэрацыі", - сказаў А.Сурыкаў.

Амбасадар падкрэсліў, што "калектыўных прызнанняў у свеце не бывае". Адказваючы на пытанне, ці вяліся кансультацыі на дадзеную тэму з Беларуссю, амбасадар адзначыў, што падчас адпачынку ў Сочы Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прэзідэнтамі і Паўднёвай Асеціі, і Абхазіі. "Ці вяліся кансультацыі па пытанні прызнання, цяжка сказаць, тады сітуацыя была некалькі іншай", - дадаў А.Сурыкаў.

Ён таксама не выключыў, што Абхазія і Паўднёвая Асеція ў перспектыве могуць увайсці ў «саюзную дзяржаву» Беларусі і Расеі, а таксама ў СНД, перадае «Інтэрфакс».

"Я не выключаю гэтай магчымасці, але для таго, каб патрапіць у «саюзную дзяржаву», трэба як мінімум прызнання Рэспублікай Беларусь", - сказаў А.Сурыкаў.

Кажучы аб чалецтве ў СНД, амбасадар заявіў, што ў дадзеным выпадку неабходнае прызнанне ўсіх удзельнікаў СНД. "Мы не выключаем развіцця па такім напрамку, але гэта досыць складана", - сказаў ён.

"Мы будуем «саюзную дзяржаву» як «саюз» суверэнных незалежных дзяржаў. І Беларусь, і Расея маюць права прызнаваць суверэнітэт і незалежнасць іншых краін або не прызнаваць", - сказаў расейскі дыпламат, адказваючы на пытанне, ці прадугледжваюць «саюзныя» дамоўленасці падтрымку падобных пытанняў з боку саюзнікаў.

Апошнія навіны