Матч чэмпіянату Беларусі па футболе судзіў п'яны арбітр (Відэа)
- 9.07.2008, 12:35
Матч 13-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж «Віцебскам» і наваполацкім «Нафтанам» абслугоўваў арбітр ФІФА Сяргей Шмолік.
5 ліпеня на поле ён выйшаў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення. Па канчатку гульні суддзю пад рукі ўвёў адзін з адміністратараў «Віцебску» Юрый Коўба, піша «Прессбол».
Падчас матчу арбітр перасоўваўся з цяжкасцю, і шматлікія заўзятары выказалі здагадку, што ў Шмоліка абвастрылася хвароба хрыбетніка. Медыцынскі агляд пацвердзіў, што ў рэферы хворая спіна, але таксама высвятлілася, што суддзя быў п'яны.
Пасля матчу аналіз пароў алкаголю выявіў 1,17 мікраграмаў на літр у выдыханым арбітрам паветры. Па шкале вынікаў гэта адпавядае 2,6 праміле. Пасля 2,5 праміле надыходзіць цяжкая ступень алкагольнага ап'янення. У тлумачальнай Шмолік напісаў, што выпіў ужо пасля гульні.
Судзейскі камітэт Беларускай федэрацыі футбола рэкамендаваў камісіі па прызначэннях не прыцягваць Шмоліка да абслугоўвання гульняў усіх лігаў да высвятлення акалічнасцяў сітуацыі.