BE RU EN

Палітычная партыі здымуць сваіх кандыдатаў, калі іх прадстаўнікоў не дапусцяць ва ўчастковыя камісіі

  • 25.06.2008, 18:08

Дэмакратычныя партыі пакідаюць за сабой права зняцця сваіх кандыдатаў, у выпадку адмовы ўладаў уключыць прадстаўнікоў апазіцыі ў склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў». Аб гэтым 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведамілі лідэры апазіцыйных палітычных партый.

«Я сёння вярнуўся са Страсбурга, дзе выступаў з дакладам на сесіі ПАСЕ, і мы дамовіліся, што і адзіны спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, і спіс тых, каго мы прапаноўваем уключыць у выбарчыя камісіі будуць перададзеныя і ў Палітычны камітэт, і ў падкамітэт па Беларусі для таго, каб яны выконвалі функцыю лакмусавай паперы. Нас увесь час пыталі, якія крытэры адзнакі выбараў. Вельмі проста. Вось 110 прозвішчаў патэнцыйных кандыдатаў – колькі іх зарэгістравана? Вось спіс тых, каго мы прапаноўваем уключыць у выбаркамы – колькі іх уключана? І тады вельмі проста рабіць маніторынг таго, што адбываецца. Рашэнні не абмяркоўваюцца, а выконваюцца. І мы прынялі рашэнне аб абмежаваным удзеле ў выбарчай кампаніі. Калі нашых людзей не будзе ў складзе акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, то мы пакінем за сабой права зняць кандыдатаў з адзінага спісу», -- паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Палітык назваў выбарчую кампанію без уключэння апазіцыі ў склад выбаркамаў «лахатронам».

«На мінулых прэзідэнцкіх выбарах 120 тысяч чалавек уваходзіла ў склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, з іх толькі 1 чалавек прадстаўляў апазіцыйную партыю. Гэта значыць, што 119 тысяч 999 чалавек прадстаўлялі інтарэсы аднаго кандыдата – Аляксандра Лукашэнкі, і толькі адзін прадстаўляў двух дэмакратычных кандыдатаў – Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. У гэтай сітуацыі немагчыма прымаць удзел у выбарах – гэта сапраўдны лахатрон. Калі гэта будзе паўтарэнне прэзідэнцкай кампаніі ці блізкае да таго, то, вядома, у нас ёсць і палітычнае і маральнае права зняць кандыдатаў», -- адзначыў палітык.

Што датычна прысутнасці назірання за выбарамі, то лідэр АГП адзначыў, што палітычныя партыі не вітаюць прыезду на адзін дзень міжнародных назіральнікаў у Беларусь. «Мы падтрымліваем ідэю доўгатэрміновага назірання», -- адзначыў палітык.

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін лічыць, што рашаць пытанне аб далейшым удзеле ў выбарах кандыдаты палітычных партый павінныя, у тым ліку, пасля ацэнкі «фона выбарчай кампаніі».

«Акрамя пытання ўключэння прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіі, важна таксама, ці пачнуць патэнцыйных кандыдатаў прэсінгаваць на працы, ці пачнуць прэсаваць людзей, якія пойдуць збіраць за іх подпісы. Гэта будзе агульны фон, які мы павінныя будзем уважліва адсочваць і прымаць рашэнне», -- заявіў лідэр Партыі камуністаў Беларускай.

Па меркаванні намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, дэмакратычныя кандыдаты сёння павінныя праводзіць выбарчую кампанію так, як яна павінная праходзіць у дэмакратычных краінах, негледзячы на ўсе абмежаванні беларускага ЦВК.

«Улады, і пра гэта сведчыць апошняе інтэрв'ю Лукашэнкі "Камсамольскай праўдзе", зацікаўленая ў тым, каб кандыдаты ад АДС прынялі ўдзел у выбарах, аднак былі абмежаваныя рознымі пастановамі ЦВК на прадмет формаў і маштабаў агітацыі і павінныя былі б праводзіць гэтую кампанію вельмі ціха і абмежавана. Потым некалькі чалавек, якіх ўлада назаве "канструктыўнай апазіцыяй", прычым не абавязкова са спісу палітычных партый, будуць пасланыя ў Еўропу пераконваць еўрапейскія структуры, што выбары дэмакратычныя і што неабходна наладжваць адносіны з той уладай, якая ёсць у Беларусі. У гэтай сітуацыі нашыя кандыдаты не павінныя звяртаць увагу на абмежаванні з боку ЦВК. Мы павінныя дэ-факта праводзіць кампанію так, як мы патрабуем ад уладаў. Мы будзем распаўсюджваць інфармацыйных матэрыялаў столькі, наколькі ў нас хопіць рэсурсаў, а не колькі нам дазволіць ЦВК. Мы будзем праводзіць мітынгі і сустракацца з выбаршчыкамі там, дзе захочам, а не на тых пустках, куды нас будзе пасылаць выканкам. І улада будзе стаяць перад выбарам: або яна здымае нашых кандыдатаў і сама сваімі рукамі ажыццяўляе байкот і закопвае надзеі на прызнанне гэтай палаты на Захадзе, або яна дазваляе нам свабодна займацца агітацыяй», -- адзначыў Віктар Івашкевіч.

«Для нас абсалютна непрымальна, што некаторыя прадстаўнікі міжнародных арганізацый і палітычных эліт розных краін вядуць закулісныя гутаркі аб тым, што прысутнасць 3-4 прадстаўнікоў з адзінага спісу кандыдатаў ад апазіцыі можна абменьваць на частковае або поўнае прызнанне выбарчай кампаніі. Мы кажам катэгарычна - не. Нам не патрэбныя ніякія квоты ад Лукашэнкі. Нам трэба толькі адно - адкрытыя, свабодныя, сумленныя выбары», -- дадаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Намстаршыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч таксама заявіў, што палітычныя партыі «павінныя акцэнтаваць увагу на ініцыятыве правесці ў дзень галасавання на Кастрычніцкай плошчы акцыю пад лозунгам «Твой голас можа быць пачуты толькі на Плошчы». І нашыя кандыдаты павінныя на працягу ўсёй кампаніі заклікаць людзей прыйсці на плошчу і агучыць свае патрабаванні».

Апошнія навіны