BE RU EN

Абскарджаны прысуд адносна палітзняволенага Парсюкевіча

  • 17.06.2008, 16:43

На імя старшыні Менскага гарадскога суду пададзеная скарга на прысуд, вынесены судом Маскоўскага раёна сталіцы віцебскаму прадпрымальніку Сяргею Парсюкевічу.

Скарга пададзеная ў парадку нагляду 13 чэрвеня. "Як толькі я атрымаю адказ ад старшыні гарадскога суду, маю намер пісаць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі", — паведаміла БелаПАН адвакат Вера Страмкоўская.

Нагадаем, 12 чэрвеня адвакат наведала свайго падабароннага, які адбывае пакаранне ў выпраўленчай калоніі № 17 Шклова (Магілёўская вобласць). Па словах В.Страмкоўскай, С.Парсюкевіч жаліўся на ўмовы ўтрымання ў выпраўленчай калоніі. "Тое, што ён апісваў, жудасна. Напрыклад, ён спіць у пакоі, дзе знаходзяцца 70 чалавек. На ўсіх усяго восем крэслаў і чатыры крамы. У лазню іх водзяць адзін раз на тыдзень, там ўсяго чатыры крана, людзі змушаныя стаяць у чарзе за вадой, не паспяваючы памыцца. На прыём ежы вылучаецца ўсяго 15 хвілін, і людзі не паспяваюць паесці, паколькі ежа гарачая. Суп, каша і кісель — усё з аднаго посуду, людзі ядуць, абпальваючыся", — сказала адвакат.

Нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, адзначыла В.Страмкоўская, С.Парсюкевіч "не паў духам і працягвае спадзявацца на тое, што прысуд яму будзе адменены". Па ейных словах, прадпрымальнік прасіў перадаць падзяку ўсім тым, хто піша яму лісты ў калонію і такім чынам аказвае маральную падтрымку.

Нагадаем, адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху палітвязень Сяргей Парсюкевіч быў асуджаны 23 красавіка на два з паловай гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня. Калі ён адбываў адміністрацыйны арышт у сталічным цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, тамака яго жорстка збіў супрацоўнік цэнтра Аляксандр Дулуб, але, каб пазбегнуць пакарання за перавышэнне паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Парсюкевіча, што той яго збіў.

Вызвалення Сяргея Парсюкевіча, як і іншых палітвязняў экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна і моладзевага актывіста Андрэя Кіма, патрабуюць Еўразвяз і ЗША.

Апошнія навіны