Андрэя Кіма пераводзяць у Бабруйскую калёнію
- 21.05.2008, 15:11
Палітвязьня Андрэя Кіма пераводзяць у Бабруйскую выпраўленчую калёнію №2.
Пра гэта “Нашай Ніве” паведаміла маці палітвязьня, Тацяна Кім. Яна даведалася пра гэта сёньня, калі прынесла сыну перадачу ў СІЗА на Валадарскага.
Новы адрас, па якім Андрэю можна будзе даслаць ліст, ёй не сказалі.
Нагадаем, што 22-хгадовы Андрэй Кім быў асуджаны 22 красавіка 2008 году да 1,5 году калёніі агульнага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым у зьбіцьці супрацоўніка ДАІ 21 студзеня. Праходзіў ён таксама як абвінавачаны па "справе 14-ці": за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.
Касацыйная скарга па справе была пададзена 2 траўня, але паколькі судзьдзя знаходзіцца ў адпачынку, разгляд скаргі перанесены на чэрвень, паведаміла адвакат Андрэя Кіма Тамара Сідарэнка.
Дарэчы, працяг справы 14-ці будзе ў гэтую пятніцу, калі пачнецца судовы працэс у дачыненьні да Міхаіла Субача, Паўла Вінаградава і Максіма Дашука.
Працэс пачнецца ў 9.30 у судзе Цэнтральнага раёну Менску па адрасе Кірава, 21, заля 406. Разглядаць справу будзе судзьдзя Валеры Есьман.