BE RU EN

Маці Андрэя Кіма: «Я табой ганаруся, сынок!»

  • Наталля Радзіна
  • 23.04.2008, 16:25

Калі ўчора зачыталі прысуд моладзеваму актывісту Андрэю Кіму, яго маці Таццяна Кім крыкнула проста ў зале суда: "Я табой ганаруся, сынок!".

Гэтыя словы пачулі ўсё. Шмат у каго выступілі слёзы на вачах. Калі маці, сын якой сыходзіць на доўгія 1,5 гады ў калонію, кажа такія словы, гэта значыць, то яна не толькі любіць, але і вельмі добра разумее свайго сына.

Раней у інтэрвію журналістам Таццяна Кім казала: "Я ўдзячная сыну за тое, што ён такі. Дзякуючы яму, я далучылася ў жыцці да ўсяго добрага і сапраўднага. Калі сын стаў сталейшы, яго зацікавіла палітыка. Ён лічыць, што хрысціянін не можа абмяжоўвацца малітвай, а мусіць працягнуць руку дапамогі, калі гэта неабходна блізкаму".

За апошнія гады мы зведалі шматлікіх маці, што прыходзяць у суды, дзе, насуперак болю і стоме, стаяць каля амапаўскага ачаплення і чакаюць прысуду іх сынам і дачкам… Яны стаяць каля турмаў з прадуктамі і цёплымі рэчамі суткамі, тыднямі, гадамі… Яны просяць у начальнікаў турмаў спаткання з дзецьмі, яны пішуць незлічоныя лісты ва ўсе ўладныя інстанцыі, але маўчанне рэжыму пакідае ім адно выйсце, і яны ідуць на акцыі пратэсту з партрэтамі сваіх любых і родных. Яны сівеюць, старэюць, хварэюць, згасаюць, але ганарацца сваімі "крывіначкамі", бо выгадавалі іх адважнымі, бескампраміснымі, гатовымі ахвяраваць сваім жыццём дзеля роднай краіны, дзеля праўды і справядлівасці.

Няўжо могуць гэтак ганарыцца сваімі дзецьмі маці сведак-міліцыянтаў Юрыя Сычова ці Аляксандра Дулуба? Некаторыя амапаўцы, якія ўдзельнічалі ў "спецаперацыях" супраць апазіцыі, гадамі не размаўляюць са сваімі блізкімі. Вядома, што жонкі супрацоўнікаў АМАПу разводзіліся з мужамі менавіта з-за іх месца працы. З імі перастаюць вітацца суседзі, аднакласнікі, сябры дзяцінства. "Мая родная цётка адмаўляецца са мной размаўляць 2 гады", -- прызнаўся ў гутарцы са мной амапавец, калі я чакала ў РУУС рашэння лёсу затрыманых удзельнікаў адной з акцый пратэсту.

Зусім нядаўна ставілі помнікі Маці, чые сыны загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. І зусім хутка ў вольнай еўрапейскай Беларусі абавязкова будзе ўсталяваны помнік Маці, чые сыны змагаліся з дыктатурай, за нас з вамі…

Прыкра ўсведамляць, што працэс над 10 удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў праходзіў у будынку зачыненага ўладамі Нацыянальнага ліцэя імя Якуба Коласа, на думку шмат каго, лепшай вучэльні краіны. Цяпер тут Цэнтральны суд. І менавіта ў гэтым будынку здзейснена расправа над маладымі людзьмі за іх любоў да Беларусі.

Апошнія навіны