BE RU EN

Справу палітвязьня Андрэя Кіма перадаюць ў суд

  • 27.02.2008, 17:11

Сьледзтва ў крымінальнай справе супраць актывіста моладзевай арганізацыі ”Ініцыятыва” Андрэя Кіма скончылася. Пасьля таго, як палітвязень азнаёміцца з матэрыяламі справы, яе перададуць у суд.

Сьледчы пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску Зьміцер Лугін, які вядзе сьледзтва, паведаміў, што Андрэй пачне знаёміцца з матэрыяламі справы ў панядзелак, 3 сакавіка.

Па словах следчага, “папярэдняе расьсьледаваньне завяршылася”. Калі Андрэй Кім азнаёміцца з матэрыяламі справы за дзень, то ўжо ў панядзелак справа будзе накіраваная ў суд, паведамляе “Радыё Свабода”.

Нагадаем, Андрэя Кіма затрымалі 21 студзеня пры разгоне акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Спачатку яго арыштавалі на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а пасьля адбыцьця арышту адвезьлі ў сьледчы ізалятар. Гэтым разам Андрэя ўжо абвінавацілі ў пагрозе міліцыянту, супрацоўніку ДАІ, які яго затрымліваў.

Пракуратура адмовілася зьмяніць хлопцу меру стрыманьня. Учора, 26 лютага, Андрэю Кіму споўнілася 22 гады. Ягоная маці і сябры грамадзкага камітэту ў абарону Андрэя Кіма падалі хадайніцтва, каб хлопца адпусьцілі пад заклад.

Маці Андрэя адмовілі ў спатканьні з сынам, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва, але ў дзень народзінаў дазволілі перадаць перадачу.

Такім чынам, суд можа пачацца ў сакавіку. Андрэю Кіму пагражае зьняволеньне да шасьці гадоў.

Апошнія навіны