BE RU EN

Генпракурора заклікалі вызваліць Андрэя Кіма

  • 26.02.2008, 10:33

Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк і рэгіянальныя актывісты дэмакратычных сілаў 25 лютага накіравалі ліст генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу з патрабаваннем вызваліць актывіста апазіцыі Андрэя Кіма.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца, паводле наяўнай у яго інфармацыі, з 31 студзеня па 25 лютага А.Кім не быў дастаўлены да суддзі для разгляду пытання аб утрыманні пад вартай, што прадугледжанае пунктам 3 артыкула 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Мы лічым, што дадзены факт з'яўляецца парушэннем права на свабоду і асабістую недатыкальнасць Кіма. На гэтай падставе яго неабходна адпусціць, што мы і патрабуем у заяве, якую акрамя мяне падпісалі актывісты дэмакратычных сілаў Берасця Жана Абрамава, Юры Бакур, Віталь Сымонік і Андрэй Шарэнда", – сказаў Р.Кісляк.

А.Кім быў затрыманы 21 студзеня за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску. 31 студзеня ён павінен быў выйсці на свабоду пасля 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту, але не быў вызвалены. У дачыненні А.Кіма 24 студзеня была ўзбуджаная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка міліцыі). 31 студзеня актывіста апазіцыі адвезлі на допыт у пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска, а пасля арыштавалі.

Па словах праваабаронцы, заява генпракурору – гэта пачатак кампаніі па спыненні фактаў, калі чалавека на падставе пастановы следчага або дазнаўцы падвяргаюць арышту, санкцыянаванаму пракурорам. Як лічыць праваабаронца, згодна з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў сферы правоў чалавека рашэнне аб арышце грамадзяніна павінен прымаць суддзя.

Апошнія навіны