BE RU EN

Санкцыі ЗША не даюць супакою Лукашэнку (відэа)

  • 12.02.2008, 13:16

Аляксандр Лукашэнка назваў эканамічным шантажом нядобрасумленных канкурэнтаў санкцыі, уведзеныя ЗША ў дачыненні канцэрна «Белнафтахім». «Дзеянні ў дачыненні канцэрна "Белнафтахім" нічым іншым, як эканамічным шантажом з боку нядобрасумленных канкурэнтаў, якія імкнуцца не дапусціць беларускія прадпрыемствы на лацінаамерыканскі рынак, нельга назваць», – заявіў А.Лукашэнка, выступаючы ў аўторак у Белдзяржуніверсітэце.

Ён нагадаў таксама, што "цягам некалькіх гадоў гучалі пагрозы арыштаваць замежныя банкаўскія рахункі не толькі Лукашэнкі, але і іншых кіраўнікоў Беларусі". "Нічога не знайшоўшы, вырашылі накінуць эканамічную пятлю на дзяржаўныя прадпрыемствы, рахункі якіх сёння таксама пагражаюць арыштаваць", – падкрэсліў ён.

"Такія метады нічым нельга апраўдаць, іх дыскрымінацыйны характар бачым не толькі мы, але і іншыя краіны, якія падтрымліваюць нас", – заявіў беларускі кіраўнік.

Вызваленне палітвязняў – галоўная ўмова нармалізацыі стасункаў з ЕЗ

Адначасова Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць развіваць стасункі з Еўразвязам. Паводле яго слоў, датэрміновае вызваленне некаторых палітвязняў у Беларусі абумоўленае гуманнымі меркаваннямі і з'яўляецца адным з крокаў насустрач нармалізацыі стасункаў з ЕЗ. «Мы пайшлі насустрач. Я маю на ўвазе датэрміновае або ўмоўнае вызваленне некаторых зняволеных, да якіх Захад мае адмысловыя пачуцці. Іх вызваленне ніякім чынам не звязанае з апраўданнем здзейсненых злачынстваў, а абумоўленае толькі гуманнымі меркаваннямі», – заявіў А.Лукашэнка, выступаючы ў аўторак у Белдзяржуніверсітэце.

Па словах беларускага кіраўніка, «мы закрылі гэтую балючую старонку ў стасунках з Захадам і першымі прапануем рух наперад». «Цяпер чарга Еўразвяза прадэманстраваць свае добрыя намеры ў дачыненні беларускага народа», – адзначыў ён.

Нататка www.charter97.org: На жаль, Аляксандр Лукашэнка не мае рацыю, і «балючая старонка» стасункаў беларускага рэжыму з Захадам не перавернутая. Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюць турбаваць Еўрапейскі Звяз і Злучаныя Штаты Амерыкі. Вызваленне палітвязняў застаецца адной з галоўных умоў нармалізацыі стасункаў Беларусі з Еўразвязам і ЗША. У турмах Беларусі сёння працягваюць знаходзіцца палітвязні: экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, асуджаны на 5,5 гадоў пазбаўлення свабоды за арганізацыю масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, палітык Андрэй Клімаў, прысуджаны да 2 гадоў пазбаўлення свабоды за публікацыю артыкула ў Інтэрнэце, журналіст Аляксандр Здвіжкоў, асуджаны на 3 гады турмы за перадрук дацкіх карыкатур на прарока Мухамеда, і лідэр грамадзянскай кампаніі «Ініцыятыва» Андрэй Кім, затрыманы 21 студзеня на мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў і пераведзены пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску. Моладзеваму актывісту пагражае да 6 гадоў турмы па абвінавачванні нібыта ў «гвалтоўных дзеяннях па дачыненні да супрацоўніка міліцыі».

Апошнія навіны