BE RU EN

Уручаныя Нацыянальныя прэміі за абарону правоў чалавека (Фота, відэа)

  • 23.12.2008, 16:07

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была ўручаная сёння Хартыяй’97 вядомым праваабаронцам і былым палітычным вязням. У намінацыі «За асабістую мужнасць» былі ўзнагароджаныя Аляксандр Баразенка, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Галіна Юбко.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй’97 у 1998 годзе. Сёлета ўзнагарода ўжо ўручалася ў 10-ы раз.

«Сёння мы ўжо ў 10-ы раз ўручаем Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека. Паказальна, што гэта адбываецца напярэдадні вялікіх святаў, не толькі навагодніх. У наступным годзе адзначаецца 20-годдзе падзення Берлінскай сцяны. Я упэўнены, што і ў Беларусі нас чакаюць вельмі важныя і станоўчыя падзеі», -- заявіў, адкрываючы цырымонію, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.

Першым лаўрэатам, якому была ўручаная сёння прэмія, стаў Аляксандр Баразенка -- актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», які 9 снежня 2008 года быў прысуджаны да 1 году абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Да суду малады апазіцыянер правёў два месяцы ў следчым ізалятары. Прэмію Аляксандру Баразенку ўручаў лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, які раней сам быў палітвязнем.

«Апостал Павал у лісце да рымлянаў піша: «Аддавайце тое, што ад вас патрабуюць». Чалавек, якому я буду ўручаць прэмію, маючы цудоўныя магчымасці ўладкаваць сваё жыццё, атрымаць добрую адукацыю, вярнуўся на Радзіму, каб не пакідаць за сабой ніякіх абавязкаў, як адзначыў сам. І не толькі вярнуўся, але і сваёй мужнасцю, знаходзячыся ў зняволенні, у турме, заклікаў сваіх паплечнікаў, беларускую моладзь, усё беларускае грамадства пазбавіцца страху. Потым, пасля суду, адзначыў, што гэтае беларускае сучаснае судзілішча падштурхнула яго на далейшую, яшчэ больш эфектыўную дзейнасць. Я жадаю Аляксандру Баразенку мужнасці, сілы і непахіснай веры», -- заявіў, уручаючы прэмію былому палітвязню, Зміцер Дашкевіч.

У адказ Аляксандр Баразенка заявіў: «Гэтая прэмія належыць усім маім паплечнікам, актывістам «Еўрапейскай Беларусі» і іншых моладзевых арганізацыяў, якія мне дапамагалі ў цяжкі час і якія зараз працягваюць змагацца за свабодную Беларусь».

Каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка ўручыў прэмію «За асабістую мужнасць» праваабаронцы Галіне Юбко. 3 гады таму ў сям'і гэтай жанчыны адбылася страшная трагедыя — была забітая і спаленая яе родная сястра Кацярына. Праваахоўныя ворганы адразу ж заявілі, што гэта няшчасны выпадак. Але Галіна Юбко сабрала і працягвае збіраць факты і доказы, на якія не звярнулі ўвагі ні следства, ні суд, і патрабаваць пакараць вінаватых у смерці яе сястры. Больш за тое, Галіна Юбко выратавала ад турмы аднаго з падазраваных у забойстве яе сястры. Мужчыну абвінавацілі ў здзяйсненні гэтага злачынства, і, знаходзячыся ў СІЗА, ён прызнаў сваю віну. Пазней ён распавёў, што ў ізалятары на яго аказваўся сур'ёзны ціск. Галіна Юбко змагла давесці да праваахоўных органаў інфармацыю аб невінаватасці гэтага чалавека, у якога да таго ж у момант здзяйснення забойства было алібі. Адначасова з расследваннем гібелі сваёй сястры Галіна Юбко дапамагае многім людзям, якія, як і яна, сутыкнуліся з прававым бязмежжам.

«Псіхолагі кажуць: калі ў вас ёсць праблема, дык самы лепшы спосаб яе вырашыць —гэта дапамагаць камусьці іншаму. Але гэта ўсё ў тэорыі, а калі ў жыцці здараецца страшная бяда, калі яна звязаная, магчыма, з чалавечым злачынствам, вельмі складана вытрымаць у такой сітуацыі, не зламацца, а спрабаваць шукаць праўду, спрабаваць дапамагаць шукаць праўду іншым людзям. Таму Нацыянальная прэмія ў галіне правоў чалавека за 2008 год у намінацыі «За асабістую мужнасць» уручаецца Галіне Юбко», -- заявіў Зміцер Бандарэнка.

Лаўрэат прэміі Галіна Юбко распавяла аб сваёй трагедыі і сваёй праваабарончай дзейнасці: «Так здарылася, што мне прыйшлося самой распачаць расследванне гібелі сваёй сястры. Я знайшла аднаго з саўдзельнікаў забойства, звярталася ва ўсе дзяржаўныя інстанцыі, нават звярталася ў адміністрацыю прэзідэнта. Я ўвесь час сутыкаюся з нашымі ўладамі, і з пракуратурай, і з судамі і кажу чыноўнікам проста ў вочы: наша судовая сістэма, нашыя ворганы пракуратуры ўжо дайшлі да найніжэйшай кропкі. Але я руплюся не толькі дзеля сябе -- дамагацца расследавання гібелі сваёй сястры, але і спрабую дапамагчы іншым людзям адстойваць свае правы».

Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека моладзеваму лідэру, былому палітвязню Андрэю Кіму ўручыла кіраўнік «Праваабарончага альянсу», дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Людміла Гразнова. У красавіку 2008 годаАндрэй Кім быў прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення волі за адстойванне правоў прадпрымальнікаў падчас акцыі пратэсту. Палітвязень быў вызвалены ў жніўні 2008 года на патрабаванне беларускай і міжнароднай грамадскасці.

«У нашым грамадстве ёсць залатыя крупінкі. Ёсць людзі, якія гатовыя рызыкаваць, і не проста дзеля сябе, а дзеля ўсіх нас, ахвяруючы сваім здароўем, сваёй свабодай, сваімі роднымі. І я разумею, што такіх людзей няшмат і на іх трымаецца краіна, таму з вялікай радасцю ўручаю прэмію Андрэю», -- сказала Людміла Гразнова.

«Я думаю, што ахвяра, аб якой вы казалі, дапаможа даўжэй захоўваць веру ў людзей, таму што гэта вельмі важна зараз -- працягваць верыць», -- адзначыў Андрэй Кім, атрымліваючы ўзнагароду.

Кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін узнагароджваў былога палітвязня, лідэра прадпрымальнікаў Сяргея Парсюкевіча. Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху, былы маёр міліцыі Парсюкевіч у красавіку 2008 года быў прысуджаны да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. У турме на Акрэсціна, падчас арышту за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, апазіцыянер быў жорстка збіты ахоўнікам Аляксандрам Дулубам. Пазней супрацоўнік Акрэсціна, каб пазбегнуць абвінавачванняў у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Парсюкевіча ў збіцці. Сваю віну прадпрымальнік не прызнаў. Палітвязень адбываў тэрмін у калоніі і быў вызвалены ў жніўні 2008 года.

«Зараз, на жаль, прынята лічыць, што ў краіне герояў няма. Гэта мадэль, якую нам прыўнесла ўлада, прыбіраючы ўсе прозвішчы, усе імёны з інфармацыйнага поля, акрамя аднаго. Але, тым не менш, я ведаю, што героі ёсць і іх так шмат, што пройдзе час, і мы ўсё захлынемся ў гэтым струмяні гераічных імёнаў, якія ўсе гэтыя гады робяць усё дзеля таго, каб у краіне нешта змянялася да лепшага. Я думаю, што чакаць нам засталося нядоўга, актыўна чакаць. І я ганаруся сёння, што мне даверана ўручаць гэтую прэмію і стаяць побач з гэтымі людзьмі. Сяргей Парсюкевіч – адзін з гэтых герояў. Я спадзяюся, што пройдзе крыху часу, і гэтыя людзі будуць на першых палосах газетаў, тых газетаў, дзе мы зараз бачым недарэчныя партрэты Колінага таты. Сяргей Парсюкевіч перанёс за апошнія гады столькі, колькі наўрадці выпадае абсалютнай большасці беларусаў. І тое, з якой мужнасцю, з якой сілай, з якой энергіяй, з якой зацятасцю ён змагаўся, з'яўляецца прыкладам для нас усіх, як трэба паводзіць сябе ў падобнай сітуацыі. Ганаруся, што магу ўручыць яму гэтую прэмію», -- сказаў Мікалай Халезін.

Лідэр прадпрымальнікаў у адказ падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго, пакуль ён быў у зняволенні, хто не пакінуў у бядзе яго сям'ю.

«Выказваю велізарную ўдзячнасць за тое, што я быў падтрыманы, за тое, што была падтрыманая мая сям'я. Калі ўлады спадзяюцца на тое, што сілавымі метадамі можна запалохаць нармальных людзей і прыбраць іх з поля дзейнасці, дык наўрадці іх надзеі апраўдаюцца. Я лічу, што пасля таго, што зрабілі з намі, зваротнага шляху проста быць не можа. Я упэўнены, што нашая краіна стаіць на парозе вялікіх падзеяў. Засталося зусім няшмат да нашай перамогі. Я думаю, што ў наступным годзе ёсць вялікая верагоднасць, што жыццё нашае кардынальна памяняецца. І я, і мае сябры, зробім усё, што ад нас залежыць, каб гэта адбылося», -- заявіў Сяргей Парсюкевіч.

У намінацыі «За адстойванне прынцыпаў свабоды слова» Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была прысуджаная фотакарэспандэнту газеты «Наша Ніва» Юліі Дарашкевіч за яе працу па асвятленні падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі . Аднак на цырымоніі Юлія Дарашкевіч прысутнічаць не змагла з-за неабходнасці выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Апошнія навіны