BE RU EN

Каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі вінавацяць у «экстрэмізме»

  • 11.12.2008, 10:48

Гомельскага каардынатара па стварэнні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Сяргея Трыфанава папярэдзілі аб недапушчальнасці ўдзелу ў «экстрэмісцкіх арганізацыях».

Як паведаміў БелаПАН Сяргей Трыфанаў, які працуе лекарам-псіхіятрам у абласной клінічнай псіхіятрычнай лякарні, 9 снежня да яго на працу прыйшоў незнаёмы чалавек, які прадставіўся начальнікам аддзела кадраў упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, паказаў свае дакументы. Мэтай візіту ён назваў гутарку з лекарам аб недапушчальнасці ягонага ўдзелу ў «экстрэмісцкіх арганізацыях».

Сяргей Трыфанаў, па ягоных словах, адказаў, што з'яўляецца каардынатарам БХД, гэты рух не экстрэмісцкі, інфармацыю аб мэтах, задачах і праграме будучай партыі можна знайсці ў Інтэрнэце, на сайце арганізацыі.

«Але начальнік аддзела кадраў быў непахісны ў сваіх довадах аб тым, што я з'яўляюся ўдзельнікам «экстрэмісцкай арганізацыі». Ён пацікавіўся, ці распаўсюджваю я свае ідэі, ці агітую для ўдзелу ў розных аб'яднаннях сваіх пацыентаў. Наогул, гэты чалавек задаваў дзіўныя пытанні: ці ўмею я рабіць выбухоўку і не ці навучаю я падрыўной справе пацыентаў лякарні. Прамова кіраўніка аддзела аблздара аб выбухоўцы і маёй нібыта падрыўной дзейнасці нагадала мне зносіны з маімі пацыентамі, якія пакутуюць на псіхічныя засмучанні. Гэта я і заўважыў у гутарцы з ім», - кажа Сяргей Трыфанаў.

Лекар лічыць недапушчальным правядзенне падобных «прафілактычных гутарак», пра што і сказаў начальніку аддзела.

«Чалавек на кіравальнай пасадзе марнуе дарма свой і мой час, вядучы гутаркі аб адцягненых рэчах, падазраючы мяне невядома ў чым, парушаючы пры гэтым мае неад'емныя правы», — рэзюмаваў лекар.

24 ліпеня Сяргея Трыфанава некалькі разоў выклікалі ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля ў сувязі з выбухам 4 ліпеня ў Менску.

Апошнія навіны