Актывісты «Маладога фронта» аб’явілі галадоўку
- 10.12.2008, 10:24
Сёньня ў Дзень правоў чалавека «Малады фронт» праводзяць аднадзённую пост-галадоўку ў знак памяці пра вязьняў камуністычнага рэжыму і ў знак салідарнасьці з моладзьдзю, рэпрэсаванай ў Беларусі.
Гэтай акцыяй сябры “Маладога фронту” завяршаюць першую частку кампаніі “Камунізм – пад трыбунал!”.
Паводле маладафрантоўцаў, у Савецкім Саюзе 10 сьнежня быў асаблівым днём для палітычных зьняволеных. У гэты дзень яны аб’яўлялі аднадзённую галадоўку, патрабуючы ўсеагульнай амністыі.
Аб гэтым распавёў прэс-службе «Маладога Фронту» былы палітвязень Сяргей Ханжанкоў, які адсядзеў 10 год – з 1963 па 73 гады ў савецкім лягеры за стварэньне антысавецкай арганізацыі і спробу арганізаваць дыверсію - падарваць глушылку заходніх радыёстанцыяў.
«10 сьнежня была прынята Усеагульная дэклярацыя чалавека – найважнейшы дакумэнт, што зацьвярджаў натуральныя правы людзей. Вязьні ў турмах і лягерах, у тым ліку і я, адмаўляліся ад ежы, каб выказаць пратэст супраць камуністычнага прыгнёту, каб прыцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці да тых жудасных рэчаў, што адбываліся ў СССР», - кажа Сяргей Ханжанкоў.
Нагадаем, сёньня ўдзел у посьце-галадоўцы прымаюць больш за 40 моладзевых актывістаў зь Менску, Берасьця, Белаазёрску, Кобрына, Полацка, Глыбокага, Віцебска, Навагрудка, Ліды. Рэчыцы, Мазыра ды іншых гарадоў.