BE RU EN

Дамовы на распаўсюд «Нашай Нівы» і «Народнай волі» пакуль не падпісаныя

  • 24.11.2008, 15:53

Па стане на 24 лістапада ніводная дамова на распаўсюд ані «Нашай Нівы», ані «Народнай волі» не падпісаная.

Аб гэтым паведаміла інтэрнэт-старонка газэты «Наша Ніва». Тым часам, кіраўніцтва «Белпошты» сьцьвярджае, што для незалежных выданьняў ня будзе створана аднолькавых з дзяржаўнай прэсай умоваў распаўсюду.

«Я не магу дакладна сказаць, што гэта будзе ўклейка ў каталаг. У аддзяленьнях вясковых можа гэта будзе ўпісана ў свабодным полі дадаткова. Дзесьці раздрукавана, уклеяна будзе, дзе ёсць магчымасьць, у буйных гарадох, абласных цэнтрах. Сказаць, што паўсюль будзе ўнесена ў каталог аднолькава, я не магу», - сказала ў інтэрв’ю «Еўрарадыё» намесьніца начальніка ўпраўленьня падпіскі друкаваных СМІ «Белпошты» Аксана Чычко.

Нагадаем, інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс» перадало словы дапаможніка Лукашэнкі па ідэялёгіі Ўсевалада Янчэўскага аб тым, што дадзеныя незалежныя выданьні нібыта ўжо зьявіліся ў дзяржаўных кіёсках.

«Народная воля» і «Наша Ніва» вярнуліся ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду пэрыядычных сродкаў масавай інфармацыі. Яшчэ на мінулым тыдні гэтыя газэты зьявіліся ў кіёсках», — заявіў Ўсевалад Янчэўскі.

Апошнія навіны