BE RU EN

Салана хоча абмеркаваць з Мартынавым «пасярэднія выбары»

  • 6.10.2008, 18:44

На запрашэнне вярхоўнага камісара Еўразвяза Хаўера Саланы кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў абмяркуе з прадстаўнікамі еўраструктураў выкананне рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЕ.

Як заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН прэс-сакратар Саланы Крысціна Галах, рашэнне запрасіць беларускага міністра было прынятае пасля таго, як выбарчую кампанію ў краіне "старанна прааналізавалі амбасадары краінаў ЕЗ у Беларусі, а затым сам Салана".

Галах нагадала, што 15 верасня міністры замежных справаў краінаў Еўразвяза заявілі, што, ацаніўшы ход «парламенцкіх выбараў» у Беларусі, Брусэль гатовы перагледзець санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і павялічыць дапамогу краіне. Прадстаўніца еўраструктураў падкрэсліла важнасць «выбараў», якія прайшлі, ахарактарызаваўшы іх як «пасярэднія».

"Мы хацелі б, каб усе рэкамендацыі АБСЕ былі цалкам выкананыя, і спадзяемся, што беларускія ўлады працягнуць пазітыўныя пачынанні, якія пачаліся з вызвалення палітвязняў, і мы зможам нармалізаваць нашыя адносіны", — заявіла прэс-сакратар Хаўера Саланы.

Пакуль мяркуецца, што Мартынаў правядзе перамовы з Саланам і прадстаўнікамі структураў Еўразвяза. Паводле словаў Галах, за час, што застаўся да сустрэчы, парадак дня і фармат сустрэчаў можа змяніцца.

У знешнепалітычным ведамстве ў Менску пакуль ад каментароў адмаўляюцца.

Нагадаем, што 28 верасня ў Беларусі прайшлі «парламенцкія выбары». У «выбарах» удзельнічалі 264 кандыдаты па 110 выбарчых акругах. У ліку кандыдатаў было каля 100 прадстаўнікоў апазіцыі, але ніхто з іх не патрапіў у «парламент».

Місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ не прызнала «парламенцкія выбары» у Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі. Назіральнікамі АБСЕ адзначаны «дрэнны і нездавальняючы» працэс падліку галасоў у 50% выпадкаў. 40% назіральнікаў сказалі, што ў іх не было магчымасці ў поўнай меры ацаніць працэс падліку галасоў. Назіральнікамі АБСЕ зафіксаваныя выпадкі фальсіфікацыяў. «Выбары» не адпавядалі стандартам АБСЕ.

Апошнія навіны