BE RU EN

Следчы, які застрэліўся, фабрыкаваў справу Аляксея Шыдлоўскага

  • 29.10.2008, 8:33

Следчы Менскай абласной пракуратуры Васіль Папін вёў не толькі гучную справу аб «жывым шчыце». У 1997 годзе ён займаўся палітычнай справай моладзевага лідэра Аляксея Шыдлоўскага.

Нагадаем, што да нядаўняга часу Васіль Папін працаваў у Менскай абласной пракуратуры і вёў гучную справу аб «жывым шчыце», узбуджаную з-за таго, што супрацоўнікі ДАІ выставілі супраць нецвярозага кіроўцы заслон з прыватных машын з людзьмі. Учора стала вядома, што следчы застрэліўся ў сваім службовым кабінеце з табельнага пісталета.

У Менскай абласной пракуратуры, дзе працаваў следчы Папін, пацвердзілі гэтую інфармацыю і паведамілі, што гэта адбылося прыкладна два месяцы таму. Прычыны ўчынку свайго калегі ў пракуратуры не каментуюць.

Тым не менш, прэс-цэнтру Хартыі’97 стала вядома, што Васіль Папін пачынаў сваю «кар'еру» у Стаўбцкоўскай раённай пракуратуры і вёў справу моладзевага лідэра Аляксея Шыдлоўскага, асуджанага да 1,5 год пазбаўлення волі за палітычныя графіці.

«Васіль Папін вёў, а дакладней, фабрыкаваў маю крымінальную справу ў 1997 годзе па абвінавачванні ў палітычных графіці. Тады, я нагадаю, мы з Вадзімам Лабковічам, былі асуджаныя на розныя крымінальныя тэрміны Менскім абласным судом. Сам жа Васіль Папін на той момант з'яўляўся следчым Стаўбцкоўскай раённай пракуратуры, і на падвышэнне ў Менск пайшоў менавіта за маёй справы. Ён гэтага падчас следства і не хаваў. Маўляў, працую па замове. Маральных прынцыпаў, на мой погляд, чалавек не меў ніякіх. Такога жа меркавання аб ім былі і шматлікія жыхары горада Стоўбцы, адкуль родам і я, і ён. А наогул цікавы факт: прайшло 10 год пасля таго суду, а ні суддзі Лаўрова, ні следчага Папіна няма ў жывых. Невядомы мне толькі лёс пракурора Цімафеева», -- паведаміў Аляксей Шыдлоўскі у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Моладзевы лідэр за сталы пераслед у Беларусі па палітычных матывах сёлета быў змушаны папрасіць палітычнага сховішча ў Чэхіі.

Апошнія навіны