Загінуў генеральны дырэктар тэлеканала «MTV у Беларусі»
- 23.10.2008, 16:29
21 кастрычніка генеральны дырэктар тэлеканала«MTV у Беларусі» Максім Сямёнаў разбіўся на матацыкле.
«Аб трагедыі мы даведаліся літаральна адразу ж. Нам патэлефанавалі знаёмыя Максіма, якія праязджалі па вуліцы Арлоўскай, і распавялі, што ён разбіўся на матацыкле. У яго была машына, але ў той дзень ён вырашыў ехаць на працоўную сустрэчу на матацыкле», - распавёў ««КП в Беларуси» Валянцін Грышко, генеральны прадзюсар канала «MTV у Беларусі».
У прэс-службе ДАІ Цэнтральнага раёна распавялі, што 21 кастрычніка ў 11.30 кіроўца, праязжаючы па вуліцы Арлоўскай, перабудаваўся ў першую паласу і, не адолеўшы кіраванне, урэзаўся ў ліхтар.
«Матацыкл адкінула ў бок, а мужчына ўляцеў у ліхтар. З цяжкімі траўмамі ён быў адвезены ў лякарню, дзе памёр на наступны дзень. Ужо вядома, што ён ехаў з праспекта Пераможцаў на вуліцу Нававіленскую, правоў на кіраванне пры ім не было», - сказалі ў прэс-службе ДАІ.
24 кастрычніка на Альшэўскага-12 з 8.00 да 12.00 сваякі, сябры і калегі прыйдуць развітацца з Максімам Сямёнавым. Яму было ўсяго 31. У Максіма засталіся жонка і 4-гадовая дачка.