BE RU EN

Швейцарац перадумаў пераязджаць у беларускі калгас

  • 11.12.2007, 14:59

Грамадзянін Швейцарыі, які днямі папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, перадумаў жыць у нашай краіне. Як паведамілі «Радыё Рацыя» ў Брэсцкай памежнай групе, 8 снежня ён пакінуў Цэнтр размяшчэння мігрантаў у Брэсце і вярнуўся на радзіму.

Нагадаем, што 28 лістапада грамадзянін Швейцарыі на аўтамабілі “Жыгулі” перасёк беларуска-польскую дзяржаўную мяжу ў пункце пропуску “Варшаўскі мост” і папрасіў палітычнага прытулку ў нашай краіне. Ён паведаміў памежнікам, што Беларусь, Венесуэла і Куба – гэта лепшыя на свеце дзяржавы. У аўто, акрамя асабістых рэчаў, быў таксама збор сачыненняў Леніна. Швейцарскі бежанец гатовы быў працаваць у любым калгасе краіны на любой пасадзе.

Аднак пасля 10-дзённага знаходжання ў Цэнтры размяшчэння мігрантаў у Брэсце, грамадзянін Швейцарыі перадумаў жыць і працаваць у беларускім калгасе і з’ехаў дадому.

- Магчыма, яму больш даспадобы Альпы і горная мясцовасць, а ў Беларусі такога няма, - выказаў меркаванне наконт адной з прычынаў ад’езду грамадзяніна Швейцарыі супрацоўнік Брэсцкай памежнай групы. – Дакументы ў яго былі ў парадку, была беларуская віза. Так што ён без праблемаў пакінуў нашую краіну.

Апошнія навіны