BE RU EN

Справа палітвязня Казуліна накіраваная ў ПАРЕ

  • 13.11.2007, 14:33

У межах міжнароднай кампаніі салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Казуліным 13 лістапада накіраваны зварот у Парламенцкую Асамблею Рады Еўропы. Як паведаміў экс-адвакат асуджанага палітыка Ігар Рынкевіч, дадзены дакумент быў падрыхтаваны Грамадскай камісіяй «Свабоду Казуліну!» у інтарэсах усіх беларускіх палітвязняў.

Прадстаўнікі грамадскай камісіі заклікалі дэпутатаў ПАРЕ «спрыяць правядзенню незалежнай прававой ацэнкі судовага пераследу Казуліна і вынесці Рэзалюцыю ПАРЕ, якая асуджае рэпрэсіі ў дачыненні беларускіх грамадзян па палітычных матывах, з патрабаваннем вызвалення Казуліна і іншых палітвязняў Беларусі».

«З свайго боку, – адзначыў І.Рынкевіч, – мы выказалі гатоўнасць падаць у ПАРЕ неабходныя дакументы і іншыя матэрыялы, якія пацвярджаюць палітычную матываванасць і незаконнасць крымінальнага пераследу Казуліна. Перакананыя, што менавіта вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій у дачыненні дэмакратычных актывістаў стануць рэальнымі крокамі, якія дэманструюць імкненне беларускіх улад да сапраўднага дыялогу з Еўропай».

Апошнія навіны