BE RU EN

Улады утойваюць інфармацыю пра палітвязьня Андрэя Клімава

  • 12.11.2007, 13:18

Апошні ліст Ала Клімава, маці палітвязьня Андрэя Клімава, атрымала ад сына два тыдні таму. Палітык пісаў, што ў яго адабралі ўсе харчы, безь якіх ён, як хворы на цукровы дыябэт, абысьціся ня можа. Паведамляў таксама, што яму баліць сэрца, але яго прымушаюць выходзіць на працу. Цяпер у сям’і палітвязьня непакояцца, не выключаюць, што зь ім можа здарыцца нават найгоршае.

Днямі Ала Клімава адправіла сыну тэлеграму. “Чаму ня пішаш? Тэрмінова паведамі пра здароўе. Як з прадуктамі? Турбуемся. Мама, Таня”. Але адказу пакуль не атрымала.

Тым часам Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой з’яўляецца Андрэй Клімаў, расказаў пра захады ў падтрымку свайго аднадумцы, паведамляе “Радыё Свабода”.

“Мы зьвярнуліся ў кожную эўрапейскую амбасаду і амбасаду ЗША, а таксама офіс АБСЭ, каб дыпляматы па сваіх каналах запрасілі сустрэчу з Клімавым і пасьля далі аб’ектыўную інфармацыю пра стан ягонага здароўя, што зь ім адбываецца ў калёніі. Паралельна зьвярнуліся з запытам ў дэпартамэнт адбыцьця пакараньняў, які кантралюе калёніі, каб яны праверылі факты адносна ўтрыманьня Клімава”, -- распавёў палітык.

Паводле Анатоля Лябедзькі, таксама рыхтуецца шэраг вулічных акцыяў у падтрымку палітвязьняў. У Беларусі найбліжэйшая такая акцыя адбудзецца 10-га сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

У сярэдзіне кастрычніка журналіст Яўген Агурцоў атрымаў апошні на гэты момант ліст ад Андрэя Клімава, у якім сябар пісаў пра цяжкія ўмовы на турэмным карантыне. Потым Андрэй Клімаў замаўчаў, што Яўген Агурцоў лічыць дрэнным знакам.

На думку Агурцова, Андрэй Клімаў мог абурыцца тым, што ў яго ўсё адабралі, рэзка выказацца ды з гэтай прычыны патрапіць у карцэр.

Журналіст паведаміў, што даслаў матэрыялы адносна Клімава ў расейска-беларускую камісію правоў чалавека, якую ачольвае Эла Памфілава. Праз два тыдні камісія правядзе слуханьні, і Яўген спадзяецца, што будзе разгледжаная й сытуацыя вакол ягонага сябра Клімава.

Вось толькі што можа стаць з Андрэем Клімавым за два тыдні? Дзяжурны Мазырскай калёніі зусім адмаўляецца хоць нешта паведамляць пра такога вязьня.

На запыт карэспандэнта “Радыё Свабоды” пра Андрэя Клімава ў Мазырскай калёніі адказваюць, што нават ня ведаюць такога асуджанага.

Нагадаем, Андрэя Клімава асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму за апазыцыйны артыкул у інтэрнэце. Паседжаньне суду было закрытым, таму падрабязнасьці справы невядомыя.

Ад канца 1990-х гадоў гэта ўжо трэцяе пакараньне Андрэя Клімава, якога ў сьвеце прызналі Вязьнем сумленьня.

Апошнія навіны