BE RU EN

Пракурор стаў ахвярай зямельных разборак

  • 1.10.2007, 10:41

Кампанія па процідзеянні пазапраўнаму захопу зямель набірае ўсё большыя абароты. На мінулым тыдні проста на калегіі Генеральнай пракуратуры быў вызвалены ад занятай пасады пракурор Менскага раёна і горада Заслаўля Ігар Шкатула. Паднятае пытанне аб адпаведнасці занятым пасадам некаторых вышэйшых асоб пракуратуры Менскай вобласці.

Афіцыйна праверкай землекарыстання Камітэт дзяржкантролю і Генеральная пракуратура заняліся ў жніўні гэтага года. Рэальна ж праца ў гэтым кірунку пачалася яшчэ ў канцы 2006 года. Цяпер жа дбайна прадуманая і прапіараная аперацыя ўступіла ў завяршальную стадыю. На мінулым тыдні генпракуратура, а пасля і КДК правялі калегіі па выніках праробленай працы. У афіцыйным паведамленні пракуратура абмежавалася толькі агульнымі фразамі, не ўдаючыся ў канкрэтыку і тым больш не звяртаючы ўвагі на кадравае пытанне, якое было паднятае. А гэта менавіта яно выклікала найбольшы перапалох.

Як распавёў «Ежедневнику» адзін з удзельнікаў калегіі, такога ходу мала хто чакаў. Той жа І.Шкатула падаў у суд дзесяткі пазоваў аб канфіскацыі пазапраўна захопленых зямель, накіраваў дзесяткі запісак у розныя органы дзяржаўнага ўпраўлення аб ліквідацыі парушэнняў закона. На думку некаторых супрацоўнікаў пракуратуры, большага пры ўсім жаданні пры наяўных рэсурсах ён зрабіць не мог. Але ўсё ж яго знялі за тое, што недаглядзеў. На падыходзе – больш сур'ёзныя фігуры з Менскай абласной пракуратуры, прычым усе яны на той жа калегіі павініліся і паабяцалі выправіцца.

Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што бязладдзя ў Менскам раёне сапраўды было выяўлена шмат. Судзячы па дадзеных КДК, усталяваныя шматлікія выпадкі падавання зямельных участкаў з парушэннем патрабаванняў заканадаўства, самавольнага заняцця зямель, высечкі лесу ў лясах першай групы і будаўніцтва без дазваленчых дакументаў, нямэтавага выкарыстання зямельных участкаў. Нават там, дзе адвод зямель павінен быў здзяйсняцца з дазволу прэзідэнта (ворныя землі і лясны фонд), службоўцы дазвалялі сабе сваволіць. Так, Менрайвыканкам прыняў рашэнне аб выдзяленні 9 зямельных участкаў плошчай 1,35 га, пакрытых лесам, для дачнага будаўніцтва ў дачных пасёлках Ждановічы-6 і Ждановічы-1, а таксама 12 зямельных участкаў плошчай 1,73 га лясных і ворных зямель без іх канфіскацыі ў дэпартамента фінансаў і тылу МУС для дачнага будаўніцтва ў дачным пасёлку «Крынічны» МУС РБ і на землях, якія прымыкаюць да пасёлка

Як паведамляе КДК, усяго на тэрыторыі Бараўлянскага, Ждановіцкага, Горанскага, Шчамысліцкага, Калодзішчанскага, Лошанскага, Луговасвабодскага, Навадворскага, Астрашыцка-Гарадокскага, Папернянскага, Міханавічскага, Мачулішчанскага, Юзуфоўскага, Сенніцкага, Самахвалавічскага, Хацежынскага і Пятрышкоўскага вясковых выканкамаў выяўленыя 198 фактаў самавольнага заняцця грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі зямельных участкаў агульнай плошчай каля 12 га, з іх больш як палова прыходзіцца на лясны фонд. Толькі кадастравы кошт самавольна занятых участкаў складае каля 1,5 млн даляраў. На думку правяраючых, калі б выканкамы рэалізоўвалі ўчасткі праз аўкцыён, то іх кошт узрос бы шматкроць. Аднак гэты механізм папаўнення бюджэту чамусьці задзейнічаны не быў.

Большасць вінаватых у дадзеных парушэннях ужо даўно прыцягнутыя да адказнасці. У дачыненні некаторых былі нават узбуджаныя крымінальныя справы. Цяпер пракуратура пачала ўжываць меры да тых, хто па доўгу сваёй службы павінен быў першапачаткова спыняць дадзеныя парушэнні, а не дапушчаць, каб яны існавалі шмат гадоў. Першым паў пракурор Менскага раёна. На калегіі пракуратуры было сказанае таксама, што неўзабаве будзе разгледжанае пытанне аб адпаведнасці занятым пасадам і некаторых вышэйшых асоб пракуратуры Менскай вобласці. Пэўных прозвішчаў названае не было, але яны прагучалі ў кулуарах. Засталося толькі пачакаць, астыне генеральны пракурор Пётр Міклашэвіч ці працягне секчы пакутныя галовы.

Апошнія навіны