BE RU EN

Болтан: Войскі ЗША застануцца ў Сірыі, пакуль не сыдуць Іран і яго стаўленікі

Адміністрацыя Трампа памяняла падыход да блізкаўсходняй палітыкі.

Заява Джона Болтана аб тым, што ЗША не пакінуць Сірыю, пакуль там дзейнічаюць іранскія сілы, наводзіць на думку, што адміністрацыя Трампа вызначыла прадоўжыць у краіне місію, не абмяжоўваючыся разгромам «Ісламскай дзяржавы», пішуць журналісты The Washington Post Пол Сон і Місі Раян ( пераклад - inopressa.ru).

«Мы не збіраемся пакідаць датуль, пакуль іранскія войскі знаходзяцца на чужых тэрыторыях за межамі Ірана, і гэта датычыць таксама іранскіх стаўленікаў і апалчэння», - заявіў Болтан.

«Цягам многіх гадоў Пентагон заяўляў, што ваенная місія ЗША ў Сірыі будзе скончаная, як толькі падтрымоўваныя ЗША сілы перамогуць «Ісламскую дзяржаву» і завалодаюць тэрыторыяй, якую некалі займала гэтая групоўка. Супрацьдзеянне іранскім сілам пакуль не ўваходзіла ў ваенную місію ЗША», - каментуюць аўтары артыкула. На гэты момант вайскоўцы не атрымалі ад Белага дома загадаў аб унясенні змяненняў у аперацыю ў Сірыі.

Міністр абароны Джым Мэціс у выступе пасля рэмарак Болтана, паведаміў, што місія ў Сірыі па-ранейшаму сканцэнтраваная выключна на разгроме ІДІЛ. «Мэціс заявіў, што Іран і Расея спрыялі нестабільнасці ў Сірыі, і дадаў, што амерыканскія войскі проста не сыдуць адразу і не пакінуць толькі што вызваленых ад ІДІЛ людзей у небяспецы, не дапусцяць новага гвалту», - паведамляеюць журналісты.

«Каментары двух высокапастаўленых супрацоўнікаў органаў нацбяспекі ставяць пытанні аб тым, ці абрала адміністрацыя Трампа новую палітыку ў дачыненні да Сірыі. Тэарэтычна амерыканскія вайскоўцы могуць афіцыйна застацца ў Сірыі ў рамках місіі па знішчэнню «Ісламскай дзяржавы» і прадухілення яе адраджэння, але ўсё ж увязаць свой сыход са згодай Ірана вывесці з краіны свае сілы», - пішуць Сон і Раян.

Сёлета Трамп запатрабаваў неадкладнага вываду войскаў з Сірыі, але ў апошнія месяцы гэтая палітыка, відавочна, змяняецца на карысць доўгатэрміновай вайсковай прысутнасці. Са слоў прадстаўніка дзяржсакратара што да Сірыі Джэймса Джэфры, прэзідэнт пагадзіўся на бестэрміновыя мерапрыемствы ў краіне з дадатковай мэтай - дамагчыся сыходу ўсіх іранскіх вайскоўцаў і праіранскіх сіл. «Гэта значыць, што мы не спяшаемся, - сказаў Джэфры. - Я ўпэўнены, што прэзідэнт з гэтым згодзен».

«Магчымая змена ў падыходзе адміністрацыі Трампа адбылася, калі Болтан, які здаўна займаў жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Ірана, змяніў Герберта Макмастэра на пасадзе галоўнага прэзідэнцкага дарадцы ў нацыянальнай бяспецы. Болтан выступаў за выхад адміністрацыі з ядзернага пагаднення з Іранам і крытыкаваў адміністрацыю Абамы за распрацоўку такой стратэгіі барацьбы з «Ісламскай дзяржавай», якая рызыкавала ўмацаваць пазіцыі Тэгерана», - адзначаюць аўтары артыкула.

«За Болтанам у якасці каардынатара палітыкі нацбяспекі адміністрацыя Трампа можа задзейнічаць у Сірыі прыкладна дзве тысячы амерыканскіх вайскоўцаў у якасці сродку паслаблення іранскага ўплыву», - пішуць Сон і Раян.

Апошнія навіны