BE RU EN

Сяргей Канашыц: «Беларускі біятланіст» гучыць так жа камічна як «эфіёпскі лыжнік»

«Залатыя часы» беларускага біятлона прайшлі.

Рэдактар аддзела спорту газеты sb.by Сяргей Канашыц падзяліўся меркаваннем пра выступ мужчынскай нацыянальнай каманды Беларусі на першых этапах Кубка свету ў біятлоне.

- Год таму ў спрынтэрскай гонцы на 10 кіламетраў на этапе Кубка свету ў Эстэрсундзе Юрый Лядаў прыйшоў да фінішу апошнім, 105-м, дасягнуўшы дна, ад якога, на жаль, адштурхнуцца не ўдалося. Часы Папова, Рыжанкова, Сашурына і Айдарава, калі ад кожнага можна было чакаць прызавога месца, на жаль, даўно прайшлі. Айсберг перакуліўся, і цяпер словаспалучэнне «беларускі біятланіст» гучыць як «эфіёпскі лыжнік» - сінонім камічнасці і поўнай нявыкруткі.

На трасе Эстэрсунда-2017 у індывідуальнай гонцы выступ хлопцаў выклікаў прыступ адчайнай іпахондрыі: Бачарнікаў - 74-ы, Елятноў - 76-ы, Чапелін - 98-ы, Верабей - 102-і (усяго фінішавала 108 спартоўцаў). Здавалася, што ніжэй падаць ужо няма куды, але мы нашых хлопцаў відавочна недаацанілі: у спрынце Хохфільцэна ніхто з беларусаў не трапіў у лік 60 біятланістаў, якія адбіраюцца ў гонку пераследу: Крыўко - 61-ы, Елятноў - 66-ы, Верабей - 78-ы, Дарожка - 92-і. Якім словам назваць такі выступ - прыдумайце самі, але факт у тым, што ў суботу наша нацыянальная каманда аўтаматычна зрабіла сабе выходны, з боку назіраючы за тым, як іншыя б'юцца за п'едэстал.

Аднак і гэта былі яшчэ кветачкі. Саміх сябе беларусы перасягнулі ў нядзелю падчас эстафетнай гонкі. Прычым усё стала зразумела ўжо на старце, калі Максім Верабей, заблытаўшыся ў лыжах, упаў. Устаўшы, зразумеў, што на лыжах адшпіленае мацаванне. Пакуль зашпільваў, пелетон сышоў далёка наперад, а прыбыўшы на стрэльбішча, сутыкнуўся з яшчэ адной неспадзяванкай: згубілася абойма. Пакуль суддзі неслі патроны, пакуль цэліў, пакуль бег штрафныя колы - увогуле, на фініш свайго этапу Верабей прыйшоў апошнім, перадаўшы эстафету Антону Смольскаму з адставаннем амаль у чатыры з паловай хвіліны! Дарэчы, цікавы факт: Лядаў летась апошнім да фінішу прыйшоў у дзень свайго нараджэння. І Верабей у нядзелю таксама справіў 21-годдзе - сумнае свята.

На трэцім этапе лідары абагналі беларусаў на кола, і арганізатары знялі нашых біятланістаў з гонкі, каб не блыталіся пад нагамі. Як вынік - апошняе, 26-е месца. Вышэй і літоўцы, і карэйцы, і японцы, і румыны, і бельгійцы...Раней мы меркавалі, што ў гэтых краінах і біятлону наогул няма, а сёння яны нас абмінаюць на адной лыжы. Дакаціліся. Дарэчы, можна адзначыць і яшчэ адну сумную дэталь: адзін з лідараў нашай каманды ў ранейшыя гады Сяргей Бачарнікаў сёння не праяўляе сябе нават у Кубку IBU, дзе выступаюць моладзь і другія нумары сваіх нацыянальных каманд: на этапе ў Ленцэрхайдзе (Швэйцарыя) у спрынце Сяргей прыйшоў да фінішу 58-м, а ў гонцы пераследу стаў 39-м. Як бы не пайшоў следам за Юрыем Лядавым, які на чэмпіянаце свету-2015 у Канціялахці ва ўсіх шасці гонках уваходзіў у дваццатку наймацнейшых, потым скаціўся да апошняга месца ў спрынце, а сёння пра яго і зусім ні слыху ні духу.

Апошнія навіны